У Горадні ГУБАЗіК затрымаў дыджэя
Сілавікі затрымалі гукарэжысэра з Горадні. Яго «пакаяльнае» відэа апублікаваў 30 траўня набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал.
Як паведамілі прапагандысты, затрыманы працаваў гукарэжысэрам і дыджэем, «выступаў на вясельлях, выпускных і іншых мерапрыемствах». На камэру мужчына кажа, што яго затрымалі за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у Тэлеграме. Аўтары каналу пішуць, што ён «заклікаў да аказаньня супраціву сілавікам, пашкоджаньня іх тэхнікі, счэпак».
«Медиазона» знайшла старонку затрыманага «ЎКантакце». Там мужчына падпісаны як Аляксей Давідоўскі. У якасьці месца працы ў яго пазначаны Горадзенскі гарадзкі цэнтар культуры.
У чым абвінавачваюць мужчыну і які ягоны працэсуальны статус, невядома.
За камэнтары ў тэлеграм-чатах у Горадні судзяць былога праграміста
Горадзенскі абласны суд працягвае разгляд крымінальнай справы мясцовага жыхара Андрэя Бурдзені. Яго абвінавачваюць у абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК), паклёпе на яго (ч. 2 арт. 367 КК), абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці (ч. 1 арт. 130 КК).
Судовы працэс пачаўся 27 траўня, судзьдзя — Мікалай Рачынскі, піша «Вясна».
Меркаваная дата затрыманьня Андрэя — 20 верасьня 2023 году. У гэты дзень зьявілася «пакаяльнае» відэа, дзе мужчына кажа, што нібыта пісаў нэгатыўныя камэнтары на адрас Лукашэнкі, службовых асоб, супрацоўнікаў міліцыі, расейскіх вайскоўцаў, а таксама нібыта пагражаў людзям, якія падтрымліваюць дзейную ўладу.
У Берасьці судзяць памерлага
У берасьцейскім судзе за «абразу Лукашэнкі» працягваюць судзіць Аляксандра Кулініча. Пры гэтым мужчына памёр у СІЗА яшчэ на пачатку красавіка, пішуць праваабаронцы.
Падпалкоўніка запасу Аляксандра Кулініча затрымалі 29 лютага ў Берасьці. Яго абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі. З таго часу ён знаходзіўся ў СІЗА і чакаў суду, які меўся адбыцца 16 красавіка.
Аднак за тыдзень да яго, 9 красавіка, мужчына памёр. Нягледзячы на ягоную сьмерць, у электронным раскладзе пасяджэньняў на старонцы Вярхоўнага суду зьявілася інфармацыя пра тое, што справу Аляксандра разглядаюць сёньня ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця. Працэс прызначылі весьці судзьдзю Марыну Скалковіч.
Аляксандра Кулініча затрымлівалі зь дзясятак сілавікоў у поўным рыштунку за камэнтары ў Telegram — беларус пісаў пра акупацыю Беларусі Расеяй і выказваў падтрымку Ўкраіне.
Жыхара Пінску за намер далучыцца да палку Каліноўскага асудзілі на 2,5 года калёніі
Берасьцейскі абласны суд 21 траўня вынес прысуд 32-гадоваму жыхару Пінску Артуру Радзівановічу, даведаліся праваабаронцы «Вясны».
Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 361-3 («удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні або збройным канфлікце, ваенных дзеяньнях, вэрбаваньне альбо падрыхтоўка асобаў да такога ўдзелу»). Судзьдзя Дзьмітры Куроўскі прысудзіў яму 2 гады і 6 месяцаў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічынь.
Паводле сьледзтва, Артур Радзівановіч «праз мэсэнджар тэлеграм са сваёй ініцыятывы ўступіў у перапіску з прадстаўнікамі ўзброенага фармаваньня «Полк імя К. Каліноўскага», высьвятляў парадак і ўмовы залічэньня ў полк, а потым сплянаваў перасячэньне мяжы з Польшчай і далейшы маршрут ва Ўкраіну.
Сілавікі затрымалі яго 30 сьнежня 2023 году «па прыбыцьці ў міжнародны пункт пропуску „Брэст“ для руху ва Ўкраіну праз тэрыторыю Польшчы», вынікае з матэрыялаў справы.
Стала вядома, за што арыштоўвалі сьвятара з Шуміліна Паўла Лемеха
Сьвятара з Шуміліна Паўла Лемеха арыштавалі на 10 сутак за парушэньне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў (артыкул 23.34 КаАП), паведамляе «Хрысьціянская візія». Суд над Паўлам Лемехам адбыўся 10 траўня, але ў чым абвінавачвалі ксяндза стала вядома толькі цяпер.
«Хрысьціянская візія» піша, што адміністрацыйнае правапарушэньне выявілася ў тым, што сьвятар разьмясьціў у сваім Фэйсбуку фота пратэстаў у Менску зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, а таксама сьцяга Ўкраіны. За гэта сьвятара і затрымалі, як сьцьвярджаецца ў пратаколе, а 22.15 гадзіне 9 траўня.
Пасьля адбыцьця 10 сутак сьвятара зноў затрымалі, ён правёў за кратамі яшчэ чатыры дні. Па якім артыкуле перазатрымалі Лемеха, невядома. Ён ужо выйшаў на волю.
Двух сьвятароў — Анджэя Юхневіча і Паўла Лемеха — затрымалі ў пасёлку Шуміліна Віцебскай вобласьці.
Форум