22 і 24 траўня 2024 году Маскоўскі суд Берасьця разглядаў крымінальную справу супраць 5 беларусаў, якіх абвінавачвалі паводле ч.1 арт.342 КК («Групавое парушэньне грамадзкага парадку») за ўдзел у акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 году ў Берасьці, паведамляе берасьцейская «Вясна».
Судзьдзя Марына Скалковіч па выніках разгляду справы прысудзіла ім наступныя тэрміны:
- Арцём Ботаў, Андрэй Салапура, Аляксандар Якубук — па паўтара года калёніі кожнаму;
- Маргарыта Атэмасава — 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна (жанчына мае дзіця, якому менш за год);
- Ганна Васільева — 2 гады 6 месяцаў «хатняй хіміі» (абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову), у жанчыны двое непаўналетніх дзяцей.
Паводле праваабаронцаў, вядома ўжо пра 25 асуджаных паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу за пратэсты ў Берасьці 10 жніўня 2020 году. За тую акцыю пратэсту актыўна судзілі ў 2021 годзе, тады ўсім прысуджалі калёнію паводле арт. 293 Крымінальнага кодэксу («Масавыя беспарадкі»), і праваабаронцы прызналі абсалютна ўсіх асуджаных палітвязьнямі.
У канцы 2023 году пачаліся новыя затрыманьні за тыя пратэсты — улады пачалі прад’яўляць затрыманым арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Сутнасьць абвінавачаньняў, паводле папярэдніх паведамленьняў прэс-службы суду, у тым, што 10 жніўня 2020 году людзі ў Берасьці «выкрыквалі лёзунгі, выходзілі на праезную частку» — гэта значыць, людзей судзяць за рэалізацыю права на мірны пратэст, адзначаюць праваабаронцы.
Форум