У судзе Маскоўскага раёну Берасьця 10 траўня пачынаецца суд над васьмю жыхарамі гораду, якія, паводле сьледзтва, бралі ўдзел у пратэстах 2020 году.
Сярод падсудных Мікіта Вайцюк, Васіль Алексяюк, Глеб Клімовіч, Віталь Варфаламееў, Аляксандар Тысевіч, Юлія Шаронава, Мікалай Нікіцюк і Максім Собалеў, паведамляе «Медиазона».
Паводле выданьня, берасьцейцам выставілі абвінавачаньне паводле артыкулу 342, часткі 1 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя альбо ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»). Гэты артыкул прадугледжвае да 4 гадоў зьняволеньня.
Прынамсі двух з падсудных (паводле «Медиазоны», гэта Глеб Клімовіч і Аляксандар Тысевіч), затрымалі ў пачатку году і з таго часу яны знаходзіліся пад вартай.
Праваабаронца зь «Берасьцейская Вясны» Ўладзімер Вялічкін мяркуе, што працэс, які пачынаецца ў Берасьці над ягонымі землякамі, ёсьць чарговым працягам «карагоднай справы», што пачалася яшчэ ўвосень 2020 году, не спыняецца амаль тры гады і будзе працягвацца столькі, колькі спатрэбіцца ўладам.
«Апошняя лічба асуджаных у „карагоднай справе“, паводле маіх падлікаў, 137 чалавек. Але яшчэ застаюцца тыя, на каго былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы, а суду не было. У „карагодзе“ і пратэставым шэсьці праз горад, якія адбыліся 13 верасьня 2020 году, бралі ўдзел сотні берасьцейцаў і тых, хто прыехаў у горад. Таму „рэзэрва“ для рэпрэсій у сілавікоў дастатковая. Хаця відавочна, што злачынства ў дзеяньнях пратэстоўцаў не было, бо шэсьце і „карагод“ праходзілі мірна», — мяркуе Ўладзімер Вялічкін.
Праваабаронца «Берасьцейскай Вясны» нагадаў, што з 3 траўня ў Баранавічах таксама адбываецца суд над меркаванымі ўдзельнікамі пратэстаў супраць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў. Актыўнасьць рэпрэсіўнай сыстэмы ў Берасьцейскім рэгіёне Уладзімер Вялічкін зьвязвае з падзеямі ва Ўкраіне.
«Улады манітораць грамадзкую думку і ведаюць, што жыхары вобласьці ў большасьці не падтрымліваюць вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны, як не падтрымліваюць пазыцыі кіраўніцтва, якое ўсяляк дапамагае краіне-агрэсарцы. Таму ставіцца задача адпомсьціць, запалохаць сваіх грамадзянаў, а ўсходняму суседу паказаць адданасьць і прыхільнасьць», — лічыць праваабаронца.
Паводле падлікаў Уладзімера Вялічкіна, акрамя фігурантаў «карагоднай справы», у Берасьці за пратэсты пакаралі 82 чалавекі, у Пінску — 29, у «справе Зельцара» ў вобласьці асуджаны 31 чалавек.
«А цяпер узяліся за Баранавічы ды падчышчаюць іншыя гарады», — мяркуе Вялічкін.
Форум