Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская тэлевізія не пакажа футбольны чэмпіянат Эўропы празь небясьпеку санкцый


Футбол, ілюстрацыйнеа фота
Футбол, ілюстрацыйнеа фота

Раней улады дазволілі «красьці» трансьляцыі адмысловай пастановай. Але ў справу ўвайшлі іншыя чыньнікі.

14 чэрвеня ў Нямеччыне пачнецца фінальная частка чэмпіянату Эўропы ў футболе. Зборная Беларусі ня здолела прабіцца туды, але беларускія гледачы спадзяваліся на трансьляцыі матчаў беларускай тэлевізіяй. Аднак цяпер выйшла афіцыйнае пацьверджаньне, што іх ня будзе.

Першы намесьнік Асацыяцыі Беларуская фэдэрацыя футболу Андрэй Васілевіч у камэнтары выданьню «Смартпресс» адзначыў, што на сёньня «ніводзін апэратар пакуль не купіў правоў на паказ гульняў першынства Эўропы на тэрыторыі Беларусі».

Пасьля лютага 2022 году «Белтэлерадыёкампанія» знаходзіцца пад санкцыямі шэрагу краін. Прычына — вайна супраць Украіны, да якой мае дачыненьне і Аляксандар Лукашэнка, які прадаставіў беларускую тэрыторыю для расейскага нападу. Калі санкцыі ўвяла і Швайцарыя, у чыёй юрысдыкцыі знаходзяцца ФІФА і УЭФА, гэтыя футбольныя арганізацыі забаранілі тэлерадыёкампаніі паказваць топ-турніры, правамі на якія яны валодаюць.

Улады прадбачылі далейшыя праблемы з купляй правоў і паказам прадстаўнічых міжнародных спартовых спаборніцтваў, а таму ў студзені 2023 году выдалі закон «Аб абмежаваньні выключных правоў на абʼекты інтэлектуальнай уласнасьці».

Цяпер, аднак, у фэдэрацыі футболу Беларусі асьцерагаюцца таго, што УЭФА перастане даваць краіне грошы на рэалізацыю футбольных праектаў, а таму, падобна, вырашылі на канфрантацыю не ісьці. Раней трансьляцыі Эўра-2024 плянаваліся ў тым ліку на вялікім экране на менскім стадыёне «Дынама».

Чэмпіянат Эўропы — адзін з галоўных футбольных турніраў. Ён праводзіцца раз на чатыры гады. Сёлета турнір пройдзе ў Нямеччыне з 14 чэрвеня па 14 ліпеня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG