Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі беларускіх эмігрантаў жыве ў ЗША? Зьвесткі афіцыйнай статыстыкі


Беларусы ЗША бяруць удзел у забегу салідарнасьці зь Беларусьсю і Ўкраінай, Каліфорнія, 2022 год
Беларусы ЗША бяруць удзел у забегу салідарнасьці зь Беларусьсю і Ўкраінай, Каліфорнія, 2022 год

У ЗША жыв каля 80 000 эмігрантаў, якія былі народжаныя ў Беларусі. Пра гэта сьведчаць выкладкі незалежнага амэрыканскага Інстытуту міграцыйнай палітыкі, заснаваныя на афіцыйных статыстычных дадзеных.

На публікацыю зьвярнуў увагу партал «Зеркало».

Інстытут міграцыйнай палітыкі мае зьвесткі па міграцыі зь Беларусі пачынаючы з 1999 году, бо раней постсавецкія краіны ўлічваліся ў афіцыйнай статыстыцы ўсе разам.

Міграцыя па гадах

Паводле апублікаваных дадзеных пра легальную міграцыю, у 1999 годзе ў Штаты зь Беларусі прыехалі 1320 чалавек, затым да 2020-го штогод імігравалі каля 2 тысяч чалавек (у асноўным ад 1,7 да 2,5 тысяч). Самы вялікі наплыў беларусаў быў адзначаны:

у 2001–2002 гадах — 2,9 тысячы чалавек;
у 2005-м — 3,5 тысячы;
у 2006-м — 3,1 тысячы.

У ковідныя 2020 і 2021 гады міграцыя зь Беларусі зьнізілася да 1,7 і 1,4 тысячы чалавек адпаведна, але ў 2022-м вярнулася да звычайнага паказьніка 2,2 тысячы.

Для параўнаньня, легальных імігрантаў з Расеі ў 2001–2002 гадах было 17 і 20 тысяч адпаведна, з Украіны — 16 і 21 тысяча. У тым жа 2005-м з Украіны прыехалі 23 тысячы чалавек, з Расеі — 18 тысяч, у астатнія гады паказьнікі былі значна ніжэйшыя: з Расеі — часьцей за ўсё 7–9 тысяч, з Украіны — 9–11 тысяч чалавек у год.

Колькі ўсяго беларусаў у Злучаных Штатах

Інстытут міграцыйнай палітыкі прыводзіць і дадзеныя пра тое, колькі эмігрантаў, народжаных у той ці іншай краіне, жыло ў ЗША на вызначаны год, пачынаючы з 2000-га. Ацэнка прыблізная: улічваюцца і тыя, хто ўжо атрымаў амэрыканскае грамадзянства, і тыя, хто мае дазвол на жыхарства, а таксама жыве па працоўнай або студэнцкай візе, уцекачы і тыя, хто жыве нелегальна.

Паводле гэтай статыстыкі, у 2000 годзе ў ЗША было 38,5 тысячы ўраджэнцаў Беларусі, у 2009-м — ужо больш за 60 тысяч. Да 2013-га колькасьць зьнізілася прыкладна да 51 тысячы, а затым зноў пачала расьці, дасягнуўшы 70 тысяч у 2018-м. У 2019-м яна рэзка апусьцілася да 57 тысяч, а да 2022-га дайшла да больш як 78 тысяч чалавек. Такія няроўныя лічбы могуць тлумачыцца ня толькі зьменай рэальнай колькасьці мігрантаў, але і розьніцай у мэтодыцы падліку, аднак больш дакладных дадзеных няма.

Пры гэтым такая статыстыка ня ўлічвае выхадцаў зь Беларусі, якія прыехалі ў краіну да 1999 году, а таксама паваенную і даваенную эміграцыю і іх нашчадкаў, якіх у ЗША таксама дзясяткі тысяч.

Раней зьявілася інфармацыя, што каля 500–600 тысяч чалавек пакінулі Беларусь пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году па стане на пачатак 2024 году. Да такой высновы прыйшоў незалежны сацыёляг, былы дырэктар Інстытуту сацыялёгіі НАН Генадзь Коршунаў, абапіраючыся на даступныя статыстычныя зьвесткі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG