Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьню Гундару далі патэлефанаваць на волю, ён расказаў, як успаміны пра музыку дапамагаюць яму трымацца


Уладзімір Гундар. Архіўнае фота
Уладзімір Гундар. Архіўнае фота

Уладзімеру Гундару, якога ўжо 8 месяцаў трымаюць у магілёўскай турме, дазволілі зрабіць тэлефонны званок сваякам пасьля больш як месячнага перапынку. 

Пра гэта Свабодзе паведаміла крыніца, якая кантактуе са сваякамі палітвязьня.

«Змог перадаць, што ў яго справы ідуць нармальна. На здароўе не наракае», – паведаміла крыніца.

Краязнаўца Ўладзімер Гундар ня мае адной нагі вышэй калена. У вязьніцы яму забаранілі карыстацца пратэзам, на прагулкі палітвязьня выводзяць на мыліцах. Пра ўмовы гэтых прагулак вядома няшмат.

«Прагулкі адбываюцца ў амаль такой жа невялікай камэры, як той, дзе сядзіць. Толькі бяз столі, бачыць толькі неба. Аб тым, што звонку, арыентуецца па пахах. У турме ў яго ўсё ў галаве – пахі, колеры, нават музыка. Ён проста ўсё ўяўляе сабе і апісвае гэта ў лістах, у дзёньніках», – распавяла крыніца пра Ўладзімера Гундара.

На волі Ўладзімер Гундар захапляўся літаратурай, у тым ліку гістарычнай, а таксама любіў слухаць клясычную музыку. Цяпер гэтага яму бракуе, радыё ў камэры няма, таму ён спрабуе кампэнсаваць адсутнасьць музыкі ўспамінамі.

«У перапісцы зь ім дзеляцца ўражаньнямі аб пачутай музыцы, і яму гэта цікава, просіць слаць пра гэта ў лістах больш, бо ўяўляе музыку, перажывае яе сам. З волі гэта нам уяўляецца вельмі дзіўным, але для яго гэта цяперашняе жыцьцё. І ён малайчына, што гэтак дае рады сваім перажываньням. Бо і ў яго бываюць моманты, калі спадзяваньні на лепшае амаль зьнікаюць. Але праз гэта трымаецца», – кажа крыніца пра палітвязьня Гундара.

Уладзімер Гундар – фігурант «справы аб тэрарызьме Мікалая Аўтуховіча». Ён быў асуджаны на 20 гадоў, зь якіх яму адбываць яшчэ 17.

  • 63-гадовы краязнаўца з Баранавічаў Уладзімер Гундар — інвалід 2-й групы. У СІЗА Ўладзімер Гундар часткова страціў слых на адно вуха, пазьней слых аднавіўся, але вязьню дагэтуль трэба прымаць спэцыяльныя лекі. Вядома, што ў Гундара павышаны ціск, ён перанёс гіпэртанічны крыз у зьняволеньні.
  • У 2022 годзе Ўладзімера Гундара, ужо асуджанага за напад на міліцыянта, асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня ў крымінальнай справе аб тэрарызьме, так званай «справе Аўтуховіча».
  • У канцы студзеня 2023 году Ленінскі суд Горадні асудзіў Гундара за абразу супрацоўніцы пракуратуры яшчэ на 2,5 года пазбаўленьня волі. Частковым складаньнем пакараньняў канчаткова Гундара асудзілі на 20 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
  • Сваёй віны Ўладзімер Гундар не прызнаў, беларускія праваабаронцы назвалі яго палітычным вязьнем.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG