Асуджанага на 20 гадоў калёніі палітвязьня з інваліднасьцю Ўладзімера Гундара пазбавілі прадуктовых перадач яшчэ на год, паведамляе «Радыё Рацыя» са спасылкай на сваю крыніцу.
Мінулая забарона на атрыманьне прадуктовай перадачы дзейнічала з 24 верасьня 2023 па 24 верасьня 2024 году.
Цяпер Уладзімер Гундар знаходзіцца ў адзіночнай камэры.
«Паводзіць сябе ніжэй травы, цішэй вады. Таму сам ня ведае, за што. Магчыма, у іх там па пляне штосьці такое бывае», — расказала крыніца «Радыё Рацыя».
- 63-гадовы краязнаўца з Баранавічаў Уладзімер Гундар — інвалід 2-й групы, у палітвязьня няма адной нагі вышэй калена. У СІЗА Уладзімер Гундар часткова страціў слых на адно вуха, пазьней слых аднавіўся, але вязьню дагэтуль трэба прымаць спэцыяльныя лекі. Вядома, што ў Гундара павышаны ціск, ён перанёс гіпэртанічны крыз у зьняволеньні.
- У 2022 годзе Ўладзімера Гундара, ужо асуджанага за напад на міліцыянта, асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня ў крымінальнай справе аб тэрарызьме, так званай «справе Аўтуховіча».
- У канцы студзеня 2023 году Ленінскі суд Горадні асудзіў Гундара за абразу супрацоўніцы пракуратуры яшчэ на два з паловай гады пазбаўленьня волі. Частковым складаньнем пакараньняў канчаткова Гундара асудзілі на 20 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
- Сваёй віны Ўладзімер Гундар не прызнаў, беларускія праваабаронцы назвалі яго палітычным вязьнем.