На сёньняшнім паседжаньні выбарчай камісіі, якая арганізуе выбары ў Каардынацыйную раду, абмяркоўвалася праблема, якая нечакана паставіла пад пагрозу існаваньне цэлага выбарчага сьпісу, напісала Каардынацыйная рада на сваім тэлеграм-канале.
Казус узьнік са сьпісам Аб’яднаньня «Наша справа» на чале з палітолягам Розай Турарбекавай, які складаецца з 14 чалавек. У апошні момант яго вырашыла пакінуць дзьве жанчыны.
Аднак пасьля таго сьпіс перастаў адпавядаць патрабаваньням аб гендарных квотах, паводле якіх ня менш за 40% кожнага сьпісу павінны складаць жанчыны.
У выніку перад сябрамі Выбарчай камісіі ўзьнікла дылема, што рабіць з гэтым сьпісам, інфармуе Наша ніва. Разглядаліся тры варыянты:
- Сьпіс здымаецца з выбараў, бо не выконвае фармальнага патрабаваньня ў гендарнай квоце;
- Сьпіс застаецца ў цяперашнім выглядзе, а на парушэньне гендарнай квоты камісія заплюшчвае вочы;
- Сьпіс застаецца, але толькі пры ўмове, што да раніцы наступнага дня зь яго выключаць любых двух мужчын на выбар саміх удзельнікаў сьпісу, пасьля чаго гендэрная квота будзе выкананая.
У выніку было прынята рашэньне, што Роза Турарбекава мусіць да 9-й гадзіны раніцы прадставіць інфармацыю, якія двое мужчын будуць выключаныя са сьпісу. У адваротным выпадку сьпіс будзе з выбараў зьняты.
На гэты момант у сьпіс Абʼяднаньня «Наша справа» ўваходзяць восем мужчын: Віталь Рымашэўскі, Андрэй Лаўрухін, Аляксандар Паршанкоў, Павал Церашковіч, Уладзімір Далецкі, Канстанцін Акінчыц, Андрэй Жукавец (Лебядзінскі) і Віктар Скаскевіч.
Пасьля прыняцьця рашэньня ў гэтым пытаньні выбарчая камісія перайшла да абмеркаваньня нашумелага кейса з рассылкай Аляксандрам Азаравым паведамленьня праз чат-бот пляну «Перамога».
У выніку супольным рашэньнем Азараву запрапанавалі зьняць сваю кандыдатуру і агучыць сваё рашэньне а 9 раніцы 24 траўня.
Форум