Лінкі ўнівэрсальнага доступу

FT: Эўразьвяз можа забараніць экспарт у Беларусь аўтамабіляў прэміюм-клясы


Ілюстрацыйнае фота. Люксавы аўтамабіль Porsche
Ілюстрацыйнае фота. Люксавы аўтамабіль Porsche

Эўразьвяз рыхтуецца зрабіць больш жорсткімі санкцыі супраць Беларусі і закрыць «шчыліну», якая дазваляе Расеі імпартаваць аўтамабілі прэміюм-клясы, паведамляе Financial Times.

Паводле інфармацыі выданьня, новы пакет санкцыяў ЭЗ супраць Беларусі найперш накіраваны на уніфікацыю іх з расейскімі, каб ня даць Маскве выкарыстоўваць Беларусь у якасьці «чорнага ходу» для заходніх тавараў двайнога прызначэньня і прадметаў раскошы. У прыватнасьці, у ім прапануецца забараніць пастаўкі ў Беларусь дарагіх аўтамабіляў.

Паводле інфармацыі выданьня, штомесячная плынь аўтамабіляў і запчастак з краін ЭЗ у Беларусь вырасла з 50 мільёнаў даляраў у студзені 2022 году да 268 мільёнаў у студзені 2024-га. Цяпер гэта найбуйнейшы артыкул экспарту з ЭЗ у Беларусь, куды аўтамабілі ў асноўным паступаюць зь Нямеччыны і Польшчы. Найбольшы рост экспарту быў зафіксаваны ў самых дарагіх катэгорыях аўтамабіляў, на якія пашыраюцца санкцыі ЭЗ у дачыненьні да Расеі.

Таксама сярод прапанаваных ЭЗ санкцыяў выданьне называе экспарт у Беларусь і транзытам празь яе шэрагу тэхналёгіяў і тавараў двайнога прызначэньня, прадметаў раскошы, звадкаванага прыроднага газу, імпарт дыямэнтащ зь Беларусі ў ЭЗ.

Агулам у публікацыі FT пералічваюцца тыя ж меры, пра якія раней пісала Радыё Свабода. Пра тое, што Эўразьвяз рыхтуе больш жорсткія санкцыі супраць Беларусі, стала вядома 7 траўня.

У канцы сакавіка Польшча, Латвія і Літва перасталі пускаць у Беларусь аўтамабілі на транзытных нумарах з аб’ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра, даражэйшымі за 50 тысяч эўра. У красавіку Міністэрства фінансаў Польшчы назвала ўведзеныя абмежаваньні «эфэктыўнай мерай у выкараненьні практыкі абыходу санкцыяў».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG