Міжведамасная камісія Ўкраіны ў міжнародным гандлі аднавіла працэдуру перагляду антыдэмпінгавых абмежаваньняў на пастаўку для ўкраінскага рынку цэмэнту з Расеі, Беларусі і Малдовы.
Як паведамілі Свабодзе ў юрыдычнай кампаніі «Ілляшев та Партнери», якая прадстаўляе інтарэсы ўкраінскага вытворцы цэмэнту «Дікергофф Цемент Україна», на час новай працэдуры вяртаецца дзеяньне абмежаваньняў, уведзеных у 2019 годзе.
Прымяненьне антыдэмпінгавага мыта, якое спаганялася пры пастаўках беларускага цэмэнту ва Ўкраіну ў памеры 57,03% ад кошту пастаўкі, павінна было завяршыцца 27 чэрвеня 2024 году, і летась у верасьні ўкраінскі ўрад паведамляў, што ня будзе ініцыяваць яго працягненьне.
«Гэтае рашэньне камісіі надзвычайна неабходнае для дзейнасьці ўкраінскіх прадпрыемстваў. Пачатак перагляду антыдэмпінгавых мер дае магчымасьць прадоўжыць тэрмін прымяненьня мыта і не дапусьціць зьяўленьня на рынку дэмпінгавага імпарту, пакуль ня будзе ўхвалена канчатковае рашэньне. Звычайна такі працэс можа працягвацца да аднаго году», — паведаміла юрыстка кампаніі Алена Амельчанка.
У 2019 годзе юрысты даказалі наяўнасьць парушэньня канкурэнцыі з боку Расеі, Беларусі і Малдовы і дабіліся ўвядзеньня высокіх ставак мыта для трох краін: зь Беларусі — 57,03%, з Расеі — 114,95%, з Малдовы — 94,46%.
Як патлумачыла ў сваім паведамленьні Міжведамасная камісія ў міжнародным гандлі, новая працэдура зьвязаная з імаверным аднаўленьнем дэмпінгу на ўкраінскім рынку.
Пасьля таго як Беларусь падтрымала поўнамаштабную расейскую вайну супраць Украіны, пастаўкі прадукцыі, у тым ліку і цэмэнту, зь Беларусі і Расеі цалкам спынілі.
У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
У той жа час урад Украіны не забараняў гандаль зь Беларусьсю, як гэта было зроблена ў дачыненьні да Расеі. «Беларускую прадукцыю можна завозіць праз трэція краіны, хоць лягістыка больш складаная. Ёсьць, хутчэй, этычныя моманты, таму шмат украінскіх кампаніяў адмовіліся ад беларускіх тавараў. Але юрыдычнай забароны няма», — казала ў 2023 годзе Свабодзе адвакатка юрыдычнай кампаніі «Ілляшев та Партнери» Алена Амельчанка.
Які аб’ём беларускага цэмэнту быў на ўкраінскім рынку да абмежаваньняў
Паводле Белстату, у 2018 годзе Беларусь экспартавала ва Ўкраіну 272 тысячы тон (у 2017 годзе — 363,8 тысячы тон) цэмэнту, а імпартавала з Украіны 132,1 тысячы тон (у 2017 годзе — 54,9 тысячы тон).
Украінская статыстыка гандлю цэмэнтам крыху адрозьніваецца — у аб’ёмах яна меншая на некалькі тысяч. Паводле яе, ва Ўкраіну ў 2018 годзе завезьлі 270 тысяч тон беларускай прадукцыі і вывезьлі 132 тысячы тон украінскай.
Паводле Белстату, цана беларускага цэмэнту для Ўкраіны складала 43,4 даляра за тону летась (40,2 даляра ў 2017-м). У той жа час украінскі цэмэнт для Беларусі абыходзіўся ў 52 даляры за тону ў мінулым годзе (48,7 даляра ў 2017-м). Па такіх цэнах Беларусь пастаўляла цэмэнт толькі ва Ўкраіну.
Форум