Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нарвэгія, Гішпанія і Ірляндыя прызналі Палестыну як незалежную дзяржаву. Ізраіль адклікае сваіх амбасадараў


Ілюстрацыйнае фота. Прапалестынскі актывіст трымае сьцяг Палестыны
Ілюстрацыйнае фота. Прапалестынскі актывіст трымае сьцяг Палестыны

Праз 75 гадоў пасьля прызнаньня Ізраіля як незалежнай дзяржавы Нарвэгія стала 144-й краінай ААН, якая прызнала Палестыну. Аналягічныя заявы зрабілі 22 траўня ў Гішпаніі і Ірляндыі.

Аб прызнаньні Палестыны як незалежнай дзяржавы 22 траўня заявіў прэм’ер-міністар Нарвэгіі Юнас Гар Стэрэ. Гэтае рашэньне набудзе моц 28 траўня, паведаміла NRK.

«Калі мы прызнаем Палестыну, мы зможам больш рашуча заахвочваць іншыя краіны падтрымліваць будаўніцтва палестынскай дзяржавы, і мы зможам прыцягнуць палестынскую дзяржаву да адказнасьці», — адзначыў Стэрэ.

На тэрыторыі, якую Нарвэгія прызнае Палестынай, за аснову ўзятыя межы да 1967 году. Гэта азначае Заходні Бераг, сэктар Газа, у дадатак да Іерусаліма ў якасьці агульнай сталіцы. Хаця Хамас цяпер кіруе сэктарам Газа, нарвэскі ўрад не жадае падтрымліваць яго ў палестынскай дзяржаве.

«Прызнаньне дзяржавы не азначае даць зялёнае сьвятло ўсёй палітыцы, якую яна праводзіць. Мы ня будзем надаваць падтрымку дзяржаве, якая дзейнічае сілай», — дадаў Стэрэ.

22 траўня пра прызнаньне Палестыны дзяржавай таксама заявілі Ірляндыя і Гішпанія. Пра гэта паведаміў прэм’ер-міністар Ірляндыі Сайман Харыс, піша Irish Times.

Ізраіль у сувязі з гэтым ужо адклікаў сваіх дыпляматаў з Ірляндыі і Нарвэгіі, паведамляе AFP.

Агулам у якасьці незалежнай дзяржавы Палестыну прызналі 143 са 193 краінаў ААН, у тым ліку Беларусь, Расея, Украіна, краіны Паўднёвай Амэрыкі, Афрыкі, Кітай, Індыя, сярод эўрапейскіх дзяржаваў — Баўгарыя, Вугоршчына, Кіпр, Польшча, Румынія, Славакія, Чэхія, Швэцыя. Не прызналі незалежнасьці Палестыны большасьць краінаў Заходняй Эўропы, ЗША, Канада, Аўстралія і Японія.

Раней за стварэньне палестынскай дзяржавы выступіў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн. «Цалкам відавочна: стварэньне дзьвюх дзяржаваў — адзіны спосаб гарантаваць доўгатэрміновую бясьпеку як ізраільскага, так і палестынскага народаў», — заявіў ён.

Палестына мела ў ААН статус дзяржавы-назіральніка. 10 траўня Генасамблея ААН пашырыла правы Палестыны і прагаласавала за прыняцьце яе ў свой склад.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG