Дзяржаўны тэлеканал «Гомель», які летась у кастрычніку расказваў пра «ўкраінскага перабежчыка» Сяргея Масьлюкова, запісваў зь ім інтэрвію тады, калі той знаходзіўся ў сьледчым ізалятары № 3 Гомля.
Тады ў інтэрвію гомельскаму тэлеканалу Сяргей Масьлюкоў фактычна паўтарыў расейскую прапаганду пра тое, што позвы ва Ўзброеныя сілы ва Ўкраіне ўручаюць нават, «калі выходзіш у краму», і выказаў пажаданьне, каб «Расея хутчэй пасунула цалкам Украіну, каб Кіеў забралі», а ва Ўкраіне застаўся толькі Львоў.
У тэлевізійным сюжэце яго назвалі Мікалаем, але пазьней гомельскае выданьне «Флагшток» назвала ягонае сапраўднае імя і прозьвішча.
Як стала вядома Свабодзе, цяпер ва Ўкраіне Сяргею Масьлюкову інкрымінуюць ч. 1 артыкула 111-2 Крымінальнага кодэксу — наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на дапамогу краіне-агрэсарцы. За гэта яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 20 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці або безь яе, а таксама з пазбаўленьнем права займаць адказныя пасады і ажыцьцяўляць пэўныя віды дзейнасьці.
Праваахоўныя органы Ўкраіны абвясьцілі яго ў міжнародны вышук і пачалі завочнае дасудовае расьсьледаваньне.
У той жа час сьледзтва высьветліла, што Сяргей Масьлюкоў не пазьней за 9 кастрычніка 2023 году (у гэты дзень выйшла ў этэр ягонае інтэрвію на ТРК «Гомель». — РС) незаконна перасек мяжу Ўкраіны зь Беларусьсю і добраахвотна здаўся памежнікам Беларусі, а ў пэрыяд з 10 кастрычніка 2023 году да 8 студзеня 2024 году знаходзіўся ў сьледчым ізалятары № 3 Гомля.
Украінскія сьледчыя таксама сьцьвярджаюць, што Сяргея Масьлюкова вызвалілі з гомельскага ізалятара 9 студзеня, а цяперашняе месца яго знаходжаньня невядомае. У той жа час сьледчыя не выключаюць, што ён застаецца ў Гомлі.
Што папярэднічала
ТРК «Гомель» 9 кастрычніка 2023 году паведаміла, што жыхар Чарнігаўшчыны Мікалай прабіраўся ў Беларусь праз «украінскія мінныя палі».
У сваім інтэрвію «перабежчык», жыхар памежнай зь Беларусьсю вёскі Дабранка Чарнігаўскай вобласьці, выкарыстоўваў шаблёны расейскай прапаганды наконт вайны ва Ўкраіне — расказваў, што ва Ўкраіне за ўсімі сочаць і ўручаюць позвы, калі мужчына выходзіць у краму. Ён таксама выказаўся за тое, каб Расея хутчэй зьнішчыла Ўкраіну, а прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага назваў «наркаманам».
У Масьлюкова ёсьць дачка, ягоныя сваякі жывуць у Гомлі і Белгарадзкай вобласьці Расеі.
Жыхары вёскі Дабранкі зьдзівіліся паводзінам свайго земляка.
«Цяпер вёска ў шоку. Усе, хто яго ведаў, не маглі чакаць ад яго такой здрады. Жыў Сяргей на вуліцы, якая была бліжэй да мяжы зь Беларусьсю. Сам ён жыў у Дабранцы, таму ведаў усе сьцяжынкі да мяжы, тым больш што ў вёсцы недалёка ад мяжы ёсьць рэчка, якую лёгка можна было пераплысьці», — расказвалі жыхары Дабранкі ўкраінскім журналістам пра Сяргея Масьлюкова.