Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна пацьвердзіла ўдзел у летніх Алімпійскіх гульнях у Парыжы, дзе беларусы будуць у нэўтральным статусе


Сымболіка Алімпійскіх гульняў-2024 у Парыжы
Сымболіка Алімпійскіх гульняў-2024 у Парыжы

Раней былі асьцярогі, што Ўкраіна не пашле сваіх спартоўцаў у Францыю праз вайну і праз дазвол МАК выступаць расейскім і беларускім нэўтральным спартоўцам.

Украіна накіруе алімпійскую каманду на Летнія Алімпійскія гульні ў Парыж у гэтым годзе, нягледзячы на працяг вайны з Расеяй, заявіў у панядзелак міністар спорту Мацьвей Бідны, яго цытуе агенцтва dpa.

Бідны сказаў, што Ўкраіна ўжо атрымала перамогу, бо Расея адхіленая ад алімпійскага руху пасьля свайго ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году.

Вадзім Гутцайт, прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Ўкраіны (НАК), ахарактарызаваў паездку на Гульні, якія адбудуцца з 26 ліпеня па 11 жніўня, як пасланьне значнага паведамленьня.

«Гэта ўжо перамога, што мы можам удзельнічаць ва ўмовах ваеннага ўварваньня», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, спартоўцы рыхтаваліся да Гульняў «пад ракетамі і бомбамі». Большасьць украінскіх спартоўцаў завяршаюць перадалімпійскую падрыхтоўку за межамі краіны. Атлетам з Расеі і Беларусі будзе дазволена ўдзельнічаць у Гульнях у Парыжы толькі як нэўтральным асобам, безь дзяржаўных сьцягоў і гімнаў.

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) і розныя спартовыя асацыяцыі імкнуцца да таго, каб атлеты, якія падтрымлівалі расейскае ўварваньне, не былі дапушчаныя да ўдзелу.

Украіна прадставіла дакумэнты па расейскіх і беларускіх спартоўцах у падтрымку рашэньняў на гэты конт. Гэтыя дамоўленасьці расчысьцілі Ўкраіне шлях да ўдзелу. На пачатку месяца ўкраінскі НАК апублікаваў рэкамэндацыі сваім спартоўцам, у тым ліку — па магчымасьці пазьбягаць сустрэч і фатаграфаваньня з расейскімі і беларускімі спартоўцамі.

Удзел беларусаў у Алімпіядзе

Спартоўцы зь Беларусі атрымалі каля 30 алімпійскіх ліцэнзій. Пра гэта раней паведаміў кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі Віктар Лукашэнка дзяржаўнай інфармацыйнай агенцыі БелТА.

Спартоўцы зь Беларусі атрымалі права выступаць на Алімпійскіх гульнях у нэўтральным статусе: ня будзе паднімацца дзяржаўны сьцяг і выконвацца гімн. Гэта абумоўлена саўдзелам беларускіх уладаў у агрэсіі Расеі супраць Украіны.

У сьнежні 2023 году МАК пастанавіў, што атлеты зь Беларусі і Расеі, якія выступаюць у індывідуальных відах спорту, змогуць удзельнічаць у Гульнях у Парыжы 2024 году ў нэўтральным статусе. Гэта азначае, што такія спартоўцы будуць выступаць пад алімпійскім, а не дзяржаўным сьцягам, і ў выпадку іх перамогі гімн ня будзе гучаць. Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба раней заклікаў усіх партнэраў рашуча асудзіць такое рашэньне МАК.

У сакавіку СМІ са спасылкай на віцэ-прэзыдэнта Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) Джона Коўтса паведамлялі, што агульная колькасьць расейскіх спартоўцаў на летніх Алімпійскіх гульнях у Парыжы сёлета можа скласьці каля 40 чалавек. Што тычыцца беларусаў, то ў іх на той час ужо было 20 ліцэнзій.

Нядаўна стала вядома, што арганізатары Алімпіяды масава адмаўляюць беларускім і расейскім валянтэрам, якія падалі заяўкі на працу на Алімпіядзе.

Алімпіяда-2024 пройдзе ў Парыжы з 26 ліпеня па 11 жніўня. Паралімпіяда пачнецца 28 жніўня і завершыцца 8 верасьня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG