Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У НАК Беларусі заявілі, што краіна мае ўжо 30 ліцэнзій на Гульні ў Парыжы


Віктар Лукашэнка (у цэнтры здымка)
Віктар Лукашэнка (у цэнтры здымка)

Беларусы выступяць у сталіцы Францыі ў нэўтральным статусе.

Спартоўцы зь Беларусі атрымалі каля 30 алімпійскіх ліцэнзій. Пра гэта паведаміў кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі Віктар Лукашэнка дзяржаўнай інфармацыйнай агенцыі БелТА.

«Па стане на сёньня ў нас каля 30 алімпійскіх ліцэнзій. Прыкладна так мы і плянавалі, магчыма, яшчэ крыху дабяром. Мы ў цэлым задаволеныя адборачным цыклем, але няма мяжы дасканаласьці. Тыя хлопцы і дзяўчаты, якія заваявалі гэтыя пуцёўкі, вельмі годныя спартоўцы, якія маюць вялікія пэрспэктывы на заваяваньне мэдалёў. Плянаў ня строім, але ў будучыню глядзім аптымістычна».

Нагадаем, спартоўцы зь Беларусі атрымалі права выступаць на Алімпійскіх гульнях у нэўтральным статусе: ня будзе паднімацца дзяржаўны сьцяг і выконвацца гімн. Гэта абумоўлена саўдзелам беларускіх уладаў у агрэсіі Расеі супраць Украіны. Паводле Віктара Лукашэнкі, «у сваёй душы яны будуць сьпяваць гімн і ўяўляць сьцяг».

У сьнежні 2023 году МАК пастанавіў, што атлеты зь Беларусі і Расеі, якія выступаюць у індывідуальных відах спорту, змогуць удзельнічаць у Гульнях у Парыжы 2024 году ў нэўтральным статусе. Гэта азначае, што такія спартоўцы будуць выступаць пад алімпійскім, а не дзяржаўным сьцягам і ў выпадку іх перамогі гімн ня будзе гучаць. Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба заклікаў усіх партнэраў рашуча асудзіць такое рашэньне МАК.

У сакавіку СМІ са спасылкай на віцэ-прэзыдэнта Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) Джона Коўтса паведамлялі, што агульная колькасьць расейскіх спартоўцаў на летніх Алімпійскіх гульнях у Парыжы сёлета можа скласьці каля 40 чалавек. Што тычыцца беларусаў, то ў іх на той час ужо было 20 ліцэнзій.

Нядаўна стала вядома, што арганізатары Алімпіяды масава адмаўляюць беларускім і расейскім валянтэрам, якія падалі заяўкі на працу на Алімпіядзе. Ім не тлумачаць прычынаў адмовы падрабязна. Пры гэтым такія людзі жывуць за мяжой і ня маюць сувязяў з рэжымамі Лукашэнкі і Пуціна.

Алімпіяда-2024 пройдзе ў Парыжы з 26 ліпеня па 11 жніўня. Паралімпіяда пачнецца 28 жніўня і завершыцца 8 верасьня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG