Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз асудзіў ператрусы ў дамах беларускіх палітычных уцекачоў


Жузэп Бурэль
Жузэп Бурэль

У Брусэлі зноў запатрабавалі ад менскага рэжыму вызваліць усіх палітычных вязьняў і спыніць перасьлед за палітычную і грамадзянскую пазыцыю.

Вярхоўны прадстаўнік Эўрапейскага Зьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль заявіў, што Эўразьвяз працягне падтрымку тых, хто выступае за дэмакратычную Беларусь.

Бурэль адзначыў, што рэжым Лукашэнкі перасьледуе сем'і беларусаў, якія пакінулі краіну.

«Рэжым усё часьцей перасьледуе і тых, хто зьехаў з краіны. Эўрапейскі Зьвяз асуджае апошнюю хвалю рэйдаў і канфіскацыі маёмасьці палітычных актывістаў, якія працягваюць сваю дзейнасьць у абарону свабоды ў выгнаньні. 104 чалавекі былі дададзеныя ў сьпіс падазраваных у рамках масавага крымінальнага расьсьледаваньня ў дачыненьні да беларусаў за мяжой».

Таксама ў Брусэлі падкрэсьлілі, што разумеюць цяперашнюю сытуацыю ў краіне і тое, што становішча палітычных зьняволеных, ня менш як пяць зь якіх за кратамі памерлі, застаецца жахлівым.

«Сёньня ў Беларусі па-ранейшаму застаецца каля 1400 палітвязьняў. Сотні маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем, інваліднасьць, узрост старэйшы за 60 гадоў, пакутуюць на псыхічныя разлады. Іх незаконна ўтрымліваюць у зьняволеньні, падвяргаюць катаваньням і жорсткаму абыходжаньню, уключаючы пазбаўленьне неабходнай мэдычнай дапамогі», — гаворыцца ў заяве.

21 траўня адзначаецца Міжнародны дзень салідарнасьці зь беларускімі палітзьняволенымі. Ён прымеркаваны да дня, калі пайшоў з жыцьця беларускі палітзьняволены Вітольд Ашурак.

Грамадзкі дзяяч зь Бярозаўкі і сябра Партыі БНФ загінуў 21 траўня 2021 году пры нявысьветленых абставінах у калёніі ў Шклове. Паводле рашэньня суду ў Лідзе ён атрымаў 5 гадоў пазбаўленьня волі за ўдзел у пратэстах пасьля выбараў у жніўні 2020 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG