Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзяржава абавязаная за гэтым сачыць». Якія ў Беларусі здараліся няшчасныя выпадкі на атракцыёнах і каго за гэта каралі


Парк Горкага ў Менску, ілюстрацыйнае фота.
Парк Горкага ў Менску, ілюстрацыйнае фота.

У Лідзе 11-гадовая школьніца хацела пакатацца на атракцыёне, але ўпала з вышыні. Глядзім, калі яшчэ былі падобныя выпадкі і як іх пазьбегнуць.

12 траўня школьніца прыйшла разам з маці ў парк забаваў у Лідзе, які некалькі тыдняў таму прыехаў у горад. Яна захацела пакатацца на экстрэмальным атракцыёне Hammer. Праз некалькі сэкундаў пасьля запуску тэхнікі дзяўчынка ўпала з вышыні. Пацярпелая трапіла ў лякарню зь цяжкімі траўмамі, яе даставілі ў аддзяленьне рэанімацыі. Пасьля дзяўчынку перавялі ў абласную лякарню.

Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу па факце здарэньня за «аказаньне паслуг, якія загадзя не адпавядаюць патрабаваньням бясьпекі для жыцьця або здароўя спажыўцоў, што пацягнула па неасьцярожнасьці прычыненьне цяжкага цялеснага пашкоджаньня».

Глядзім, ці былі яшчэ ў Беларусі падобныя выпадкі і чым яны канчаліся.

2022: Пералом хрыбта ў паралёнавай яме

У траўні 2022 году менская сям’я вырашыла адсьвяткаваць дзень народзінаў свайго 9-гадовага сына ў батутным цэнтры Flash park гандлёвага цэнтру Diamond City. Гэты цэнтар сям’я выбрала, бо пра яго былі пазытыўныя водгукі.

Сьпярша супрацоўнікі цэнтру, па словах бацькоў, правялі кароткі інструктаж. Затым 9-гадовы хлопчык забраўся на высокую прыступку і скочыў у паралёнавую яму. Яна запоўненая мяккімі кубікамі і разьлічаная на такія скокі.
Хлопчык, па словах бацькоў, ударыўся аб дно гэтай самай паралёнавай ямы і стаў скардзіцца на болі ў сьпіне. На наступны дзень болі ўзмацніліся і сям’я зьвярнулася да мэдыкаў. А тыя канстатавалі закрыты пералом хрыбта, прапісалі чатыры тыдні пасьцельнага рэжыму і два месяцы нашэньня адмысловага гарсэту.

З нагоды здарэньня сям’я зьвярнулася ў пракуратуру, там абяцалі праверыць цэнтар на прадмет парушэньня 338-га артыкулу Крымінальнага кодэксу («Аказаньне паслуг, якія загадзя не адпавядаюць патрабаваньням бясьпекі для жыцьця або здароўя спажыўцоў»). Аднак у базе судовых рашэньняў нейкага выніку гэтай справы пакуль няма.

Кампэнсацыі ў судзе сям’і дамагчыся не ўдалося.

2021: Вецер зьдзьмуў атракцыёны, пацярпелі сем чалавек

У ліпені 2021 году ў на сьвяце ў Александрыі Шклоўскага раёну вецер падняў у паветра надзіманыя атракцыёны. Пацярпелі 7 чалавек. На атракцыёнах былі дзеці, вакол знаходзіліся дарослыя.

Па мэдыцынскую дапамогу зьвярнуліся сем чалавек. Пасьля гэтага ўладальніка атракцыёну, прадпрымальніка з Магілёва, арыштавалі. Яго падазравалі ў «аказаньні паслуг, якія не адпавядаюць бясьпецы жыцьця карыстальнікаў».
Прадпрымальніку прысудзілі штраф памерам 120 базавых велічыняў, ці 3840 рублёў. Суд скончыўся ў жніўні 2022 году. І гэта адзіны вырак у справах, зьвязаных з гэтым артыкулам, у базе судовых рашэньняў за апошнія некалькі гадоў.

2018: Зламаўся «Калабок»

У чэрвені 2018 году падчас руху ў менскім парку Чалюскінцаў зламаўся атракцыён «Калабок». Пры гэтым у кабіне знаходзіліся пасажыры.

Трэснуў вал, на якім было замацаванае кола. Кола адвалілася, а кабінка пры судакрананьні зь зямлёй спынілася. Пасажыры ў кабінцы былі прышпіленыя і апынуліся ў гарызантальным становішчы. Ніхто зь іх не пацярпеў.

Пасьля падобныя атракцыёны вырашылі праверыць па ўсёй Беларусі.

Парк Горкага ў Менску, ілюстрацыйнае фота.
Парк Горкага ў Менску, ілюстрацыйнае фота.

2016: Захрасьлі на амэрыканскіх горках

У траўні 2016 году чатыры пасажыры захрасьлі ў кабінцы атракцыёну «Амэрыканскія горкі» ў тым жа менскім парку Чалюскінцаў. Кабінка з людзьмі спынілася падчас руху і захрасла, у выніку людзі чакалі дапамогі ўнутры яе высока над зямлёй.

З інцыдэнтам справіліся самі супрацоўнікі парку. Яны забраліся на вышку і падштурхнулі кабінку, каб яна вярнулася на зямлю. Ніхто з пасажыраў не пацярпеў.

2016: Гібель адміністратара

У жніўні 2016 году на тых жа «Амэрыканскіх горках» кабінка насьмерць зьбіла намесьніка дырэктара прыватнага прадпрыемства, якое займалася атракцыёнам. Адзін з наведнікаў папрасіў тэхнічны пэрсанал пашукаць ягоныя навушнікі, бо яны выпалі падчас катаньня на атракцыёне. Зрабіць гэта пагадзіўся намесьнік дырэктара. Згодна з праверкай Сьледчага камітэту, пасьля няўдалых пошукаў ён сам даў загад на запуск атракцыёну і застаўся пры гэтым у рабочай зоне. Кабінка падчас руху сьмяротна траўмавала мужчыну.

2011: Адчапілася кабінка

У траўні 2011 году ў парку Чалюскінцаў на атракцыёне «Супэр-8» ад цягніка адчапілася ваганэтка зь людзьмі. У ёй знаходзіліся дзьве дзяўчыны, якія завісьлі галавой уніз і гэтак некаторы час чакалі дапамогі.

Вызваліць іх удалося супрацоўнікам парку, без дапамогі ратавальнікаў.

Як засьцерагчыся ад траўмаў і здарэньняў на атракцыёнах

Міністэрства надзвычайных сытуацый Беларусі мае інструкцыю, як паводзіць сябе на атракцыёнах. Найперш рэкамэндуюць пачытаць правілы паводзінаў на атракцыёне, якія напісаныя на стэндзе перад ім. Там жа мусяць быць дадатковыя ўказаньні аб правілах бясьпекі.

Таксама, прачытаўшы правілы, раяць ацаніць магчымасьць наведаць гэты атракцыён у сувязі з існымі абмежаваньнямі: вага, узрост, стан здароўя. Праходзіць на атракцыён варта бязь ежы, напояў, вялікіх торбаў.

Рэкамэндуецца надзейна замацаваць ці здаць на захоўваньне каштоўныя рэчы. Калі падчас катаньня на атракцыёне чалавек нешта ўпусьціў долу, то трэба захоўваць спакой і ні ў якім разе не імкнуцца вярнуць прадмет.

Садзіцца ці высаджвацца з атракцыёну варта толькі па камандзе адміністратара і толькі калі атракцыён выключаны. Таксама трэба выкарыстоўваць усе элемэнты бясьпекі, прадугледжаныя атракцыёнам: дугі, страховачныя пасы ды інш.

Забаронена наведваць атракцыёны ў стане алькагольнага ап’яненьня, а таксама калі ўзрост не адпавядае правілам эксплюатацыі.

Нельга самастойна адшпільваць страховачныя прыстасаваньні падчас руху атракцыёну, таксама нельга самастойна разгойдваць часткі атракцыёну, калі гэта не прадугледжана правіламі.

Бацькам жа раяць суправадзіць дзіця да атракцыёну і прасачыць, каб яно было прышпіленае страховачнымі пасамі. Таксама дзіцяці трэба расказаць, што нельга зьвешвацца ці нахіляцца праз край кабінкі атракцыёну, уставаць зь месца ці адшпільвацца. Нельга хапацца рукамі за рухомыя часткі атракцыёна, раскідаць рукі ўбакі ці размахваць імі.

Што да дзяжурных і адміністратараў, то яны мусяць сачыць за спраўнасьцю атракцыёну перад запускам яго кожны дзень, выконваць інструкцыю ў эксплюатацыі, кантраляваць атракцыён і паводзіны пасажыра, не дапускаць да кіраваньня атракцыёнам староньніх асобаў, апавяшчаць пасажыраў аб запуску.

Парк Горкага ў Менску, ілюстрацыйнае фота.
Парк Горкага ў Менску, ілюстрацыйнае фота.

Што рабіць у выпадку траўмы і куды зьвяртацца

Калі вы атрымалі траўму на атракцыёне, найперш варта зьвярнуцца да мэдыкаў. У Беларусі мэдыкі фіксуюць такія траўмы і абставіны іх атрыманьня, а пасьля перадаюць у праваахоўныя органы. Такія парады дае юрыст, былы адвакат Алег Агееў.

«Калі ў Беларусі чалавек трапляе у лякарню з траўмамі арганізма, то лекары фіксуюць гэта і фіксуюць абставіны, пры якіх гэта адбылося. Яны ж пасьля інфармуюць міліцыю, якая пасьля мусіць праводзіць праверку. Таму першапачаткова я б параіў займацца здароўем і чакаць, калі да вас самі зьвернуцца з нагоды гэтых траўмаў. Абавязак дзяржавы за гэтым сачыць: правесьці расьсьледаваньне, каб вызначыць, тут віна пацярпелага ці віна арганізатараў атракцыёнаў», — кажа Алег Агееў.

Таксама пасьля лячэньня можна зьвярнуцца па кампэнсацыю шкоды здароўю.

«Калі будзе дакладна вядома, які памер страт панесла сям’я ў сувязі з траўмай і калі гэта была віна арганізатараў, то яны мусяць гэтыя траты кампэнсаваць. Ці арганізатары атракцыёнаў зьвяртаюцца ў страхавую, а страхавая вяртае гэтыя траты. Большасьць арганізатараў такіх атракцыёнаў страхуецца. Калі ў чалавека цяжкі стан здароўя, то можа быць распачатая крымінальная справа. Важна разумець, што не ва ўсіх выпадках ёсьць віна арганізатараў. Сам пацярпелы можа парушыць правілы карыстаньня, або могуць быць іншыя абставіны», — гаворыць юрыст.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG