У Краснадарскім краі Расеі бесьпілётнікі атакавалі нафтаперапрацоўчы завод у горадзе Туапсэ, паведамілі расейскія СМІ. У атацы ўдзельнічалі два бесьпілётнікі, удакладнілі ў краявым апэратыўным штабе.
Па зьвестках уладаў рэгіёну, у выніку падзеньня дрона адбылося ўзгараньне на тэрыторыі НПЗ. Па папярэдняй інфармацыі, пацярпелых няма. Пазьней улады паведамілі аб лякалізацыі пажару.
Туапсэ — курортны горад і буйны порт на ўзьбярэжжы Чорнага мора, які знаходзіцца непадалёк ад Сочы і Краснадара.
У Наварасійску, паводле зьвестак тэлеграм-канала Astra, мясцовыя жыхары чулі больш за 35 выбухаў. Мash піша, што быў атакаваны марскі порт. Тэлеграм-канал «ВЧК-ОГПУ» паведаміў, што пасьля нападу дронаў у Наварасійску не працуе грамадзкі транспарт, адмененыя заняткі ў навучальных установах, перакрытыя некаторыя вуліцы, а на чыгуначнай станцыі гарыць нафтавая ўстаноўка.
Губэрнатар Краснадарскага краю Веньямін Кандрацьеў заявіў, што нібыта ноччу УСУ «беспасьпяхова паспрабавалі атакаваць цывільныя абʼекты на тэрыторыі Наварасійска». Паводле яго слоў, сродкі СПА падавілі больш за 10 бесьпілётнікаў, у выніку падзеньня дронаў узьніклі лякальныя ўзгараньні, якія зараз ліквідуюцца. Пацярпелых няма. Пры гэтым ён не ўдакладніў, якія абʼекты пацярпелі ў выніку атакі дронаў.
У ноч на 17 траўня бесьпілётнікі таксама атакавалі анэксаваны Расеяй Севастопаль. Прызначаны Расіяй губэрнатар горада Міхаіл Развазжаеў сьцьвярджае, што расійскія вайскоўцы зьнішчылі «дзясяткі дронаў і больш за пяць безэкіпажных катэраў». Пацярпелых няма.
Пасьля начнога нападу была пашкоджана падстанцыя «Севастопаль». Па словах Развазжаева, яе аднаўленьне зойме каля сутак.
«Пакуль ідуць аднаўленчыя работы, горад ня зможа атрымліваць дастатковай колькасьці энэргіі. Адпаведна, будуць лякальныя адключэньні сьвятла», — паведаміў ён.
Улады прынялі рашэньне адмяніць заняткі ва ўсіх школах і дзіцячых садах.
Мінабароны Расеі адсправаздачыліся аб перахопе і зьнішчэньні 102 БПЛА. У паведамленьні сьцьвярджаецца, што над Крымам зьбілі 51 бесьпілётнік, над Краснадарскім краем — 44. Шэсьць дронаў былі зьбітыя над тэрыторыяй Белгарадзкай вобласьці і адзін над Курскай. У Чорным моры было зьнішчана шэсьць украінскіх безэкіпажных катэраў.
Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў паведаміў, што ў выніку атакі дрона-камікадзэ на аўтамабіль загінулі двое — жанчына і яе чатырохгадовае дзіця.
Яшчэ адзін бесьпілётнік атакаваў аўтазаправачную станцыю побач зь сялом Бяссонаўка. У выніку выбуху адбылося ўзгараньне аднаго з рэзэрвуараў. Пажар быў апэратыўна зьліквідаваны, напісаў Гладкоў.