Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ленінградзкай вобласьці Расеі затрымалі беларускага доктара-рэаніматоляга Мартава


Уладзімер Мартаў
Уладзімер Мартаў

Беларускага доктара-рэаніматоляга Ўладзімера Мартава, крытыка айчыннай сыстэмы аховы здароўя, затрымалі ў расейскім горадзе Мурына (Ленінградзкая вобласьць Расеі), вынікае з інфармацыі, апублікаванай 15 траўня мясцовым выданьнем «Фонтанка.ру». Крыніца Свабоды пацьвердзіла затрыманьне Мартава.

Як сьцьвярджае сайт «Фонтанка.ру», лекара затрымалі апэратыўнікі крымінальнага вышуку, ён знаходзіцца ў 87-м аддзеле паліцыі па Ўсеваласкім раёне Ленінградзкай вобласьці. Заяўлена, што ў Беларусі яму завочна выбралі меру стрыманьня ў выглядзе арышту. Зь якой менавіта прычыны, дакладна не вядома.

Мартаў знаходзіцца ў міждзяржаўным вышуку, у Беларусі яго абвінавачваюць у «арганізацыі экстрэмісцкай супольнасьці», паведамляе расейскае выданьне 78.ru. Паводле інфармацыі выданьня, перасьлед Мартава зьвязаны з тым, што ў чэрвені 2022 году ён даў інтэрвію Радыё Свабода, прызнанае рэжымам Беларусі «экстрэмісцкім». Як адзначае выданьне, ініцыятару вышуку паведамілі пра затрыманьне Мартава.

Уладзімер Мартаў — лекар з 30-гадовым стажам. З 2003 году працаваў у Віцебскай лякарні хуткай мэдыцынскай дапамогі. Апошнія пяць гадоў загадваў аддзяленьнем анэстэзіялёгіі і рэанімацыі.

Доктар адкрыта гаварыў у СМІ аб праблемах арганізацыі мэдыцынскай дапамогі хворым каранавірусам, у прыватнасьці аб перабоях з пастаўкамі кіслароду ў рэанімацыю лякарні. Ён сьцьвярджаў, што праз гэта ў канцы 2020 году памерлі некалькі чалавек, якія знаходзіліся на апаратах штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

Падчас візыту ў лякарню Маладэчна (Менская вобласьць) 12 сакавіка 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Мартава «трэба на месца ставіць». 3 красавіка 2021 года лекара звольнілі — яму не працягнулі кантракту.

З таго часу Мартаў не працаваў у мэдыцыне. У сацыяльных сетках ён займаў актыўную грамадзянскую пазыцыю, заяўляў аб непрыманьні гвалту і аўтарытарнага кіраваньня дзяржавай.

Выказваў салідарнасьць з палітвязьнямі, выказваўся наконт галадоўкі філёзафа Ўладзімера Мацкевіча.

У лютым 2022 году Мартава арыштоўвалі на 7 дзён паводле арт. 24.23 КаАП («Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў»). Пасьля вызваленьня доктар пакінуў краіну.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG