«На асобных участках, у раёнах Лукʼянцаў і Ваўчанска, у выніку агнявога ўзьдзеяньня і штурмавых дзеяньняў суперніка, для захаваньня жыцьця нашых вайскоўцаў і пазьбяганьня стратаў, падразьдзяленьні зьдзейсьнілі манэўр і перамясьціліся на больш выгадныя пазыцыі», — гаворыцца ў зводцы ўкраінскага Генштабу.
Ваўчанск і Лукʼянцы разьмешчаныя на поўначы Харкаўскай вобласьці паблізу мяжы з Расеяй.
Тым часам амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны піша ў сваёй зводцы, што тэмпы расейскіх наступальных апэрацый на поўначы Харкаўскай вобласьці за апошнія суткі замарудзіліся.
Паводле ацэнкі аналітыкаў, характар наступальнай актыўнасьці войска Расеі адпавядае вэрсіі, што прыярытэтам расейскіх вайскоўцаў зьяўляецца стварэньне буфэрнай зоны ў раёне мяжы, а не глыбейшае пранікненьне ў Харкаўскую вобласьць.
Украінскія вайскоўцы вызвалілі Ваўчанск увосень 2022 году.
13 траўня паведамлялася, што расейскія войскі ўжо некалькі дзён вядуць наступ у Харкаўскай вобласьці, захапілі некалькі населеных пунктаў у прымежных раёнах за мінулыя выходныя і выйшлі да ваколіц Ваўчанска.
Форум