Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз канчаткова зацьвердзіў міграцыйную рэформу, яна ўзмацняе жорсткасьць заканадаўства аб наданьні прытулку


Ілюстрацыйнае фота. Мігранты ў моры непадалёк ад Дзюнкерку (паўночная Францыя), 12 кастрычніка 2022 году
Ілюстрацыйнае фота. Мігранты ў моры непадалёк ад Дзюнкерку (паўночная Францыя), 12 кастрычніка 2022 году

Краіны Эўразьвязу пацьвердзілі рашэньне Эўрапарлямэнту аб значным узмацненьні жорсткасьці правілаў наданьня прытулку. Гэта павінна абмежаваць нелегальную іміграцыю ў ЭЗ.

Пасьля шматлікіх дыскусій, якія доўжыліся з часоў міграцыйнага крызісу 2015 году, Эўразьвяз канчаткова зацьвердзіў шырокую рэформу міграцыйнага заканадаўства. 14 траўня краіны ЭЗ прынялі фармальнае рашэньне, пацьвердзіўшы прыняты Эўрапарлямэнтам 10 красавіка пакет з 10 пастановаў, якія прадугледжваюць значнае ўзмацненьне жорсткасьці Агульнаэўрапейскага заканадаўства аб наданьні прытулку, паведамляе Deutsche Welle.

Новыя правілы набудуць моц пасьля іх публікацыі ў Афіцыйным часопісе Эўразьвязу. Потым краіны ЭЗ будуць абавязаныя на працягу 2 гадоў прывесьці ў адпаведнасьць зь імі нацыянальныя заканадаўствы.

Рэформа робіць больш жорсткімі правілы для мігрантаў з адносна бясьпечных краінаў. Яна павінна абмежаваць нелегальную іміграцыю ў ЭЗ і аслабіць нагрузку на Італію, Грэцыю і іншыя краіны, у якія накіроўваецца асноўная плынь нелегальнай міграцыі.

Пакет законаў, сярод іншага, прадугледжвае паскарэньне працэдур у дачыненьні да просьбітаў аб прытулку на зьнешніх межах. Мігрантаў, якія маюць нязначныя шанцы атрымаць дазвол застацца ў ЭЗ, будуць дэпартаваць хутчэй, а адпаведныя рашэньні будуць прымаць ужо на мяжы.

Адзін са складнікаў рэформы — мэханізм салідарнасьці па разьмеркаваньні просьбітаў прытулку сярод краінаў Эўразьвязу. На практыцы гэта азначае, што ў выпадку празьмернай колькасьці мігрантаў, якія просяць прытулку ў першых краінах уезду ў Эўразьвяз — Італіі, Грэцыі, Гішпаніі, Кіпры, Мальце — іх будуць абавязаныя прымаць па сыстэме квотаў іншыя краіны ЭЗ. Калі нейкая краіна адмаўляецца прымаць уцекачоў, яна наўзамен мусіць аказваць фінансавую дапамогу на іх утрыманьне.

У 2023 годзе Эўрапейскае агенцтва ў пытаньнях наданьня прытулку зарэгістравала каля 1,1 млн заяваў, і гэта самы высокі паказчык з 2016 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG