14 траўня Рада Эўразьвязу прыняла плян для Ўкраінскага мэханізму, які вызначае намеры ўраду Ўкраіны адносна аднаўленьня, рэканструкцыі і мадэрнізацыі краіны, а таксама рэформаў, якія ён плянуе правесьці ў рамках працэсу ўступленьня ў Эўразьвяз на працягу наступных чатырох гадоў. Пра гэта гаворыцца на сайце Рады Эўразьвязу.
Гэта дазволіць пачаць рэгулярныя выплаты ў рамках фонду для Ўкраіны на 50 мільярдаў эўра.
«Сёньняшняе рашэньне зьмяшчае больш падрабязную інфармацыю пра мэханізм і графік яго рэалізацыі, у тым ліку плянаваны графік дапамогі і графік яе выплат. Канчатковыя якасна-колькасныя этапы павінны быць завершаны да канца 2027 году», — гаворыцца ў паведамленьні.
Фінансавая падтрымка ў рамках Ukraine Facility будзе прадастаўлена пры ўмове, што Ўкраіна працягне падтрымліваць дэмакратычныя мэханізмы, вяршэнства закону, падтрымку незалежнасьці судовай сыстэмы, узмацненьне рэформы дзяржаўнага кіраваньня і барацьбу з карупцыяй.
Гэтае рашэньне дазволіць Эўракамісіі вылучыць да 1,89 мільярда эўра папярэдняга фінансаваньня да пачатку рэгулярных выплат. Ва ўкраінскім урадзе дадалі, што плян па ўкраінскім мэханізьме ўключае 151 паказчык па 69 кірунках рэформаў, рэалізацыя якіх разьлічаная на пэрыяд да 2027 году.
За выкананьне гэтых паказьнікаў Украіна павінна атрымаць у 2024 годзе 16 млрд эўра, у 2025 годзе — 12,5 млрд эўра, у 2026 годзе — 7,2 млрд эўра, у 2027 годзе — 1,2 млрд эўра, у студзені 2028 году — 1,3 млрд эўра за выкананьне паказьнікаў у чацьвертым квартале 2027 году.
Украіна ўжо атрымала 6 мільярдаў эўра фінансавай падтрымкі ў сакавіку і красавіку гэтага году за пасьпяховае выкананьне пяці паказьнікаў першага кварталу. У другім квартале неабходна выканаць дзевяць паказьнікаў, якія дазволяць атрымаць у верасьні 2024 году 4,1 млрд эўра, паведамілі ў Кабінэце міністраў Украіны.
Форум