Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт ЗША: дзеяньні ўраду Грузіі несумяшчальныя з жаданьнем яе народу


Прадстаўнік Дзярждэпартамэнта Вэдант Патэл
Прадстаўнік Дзярждэпартамэнта Вэдант Патэл

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнта ЗША Вэдант Патэль асудзіў імкненьні кіроўнай партыі Грузіі і яе ўраду прыняць «закон аб замежным уплыве», які абмяжоўвае правы і дэмакратычныя свабоды грамадзян краіны.

«Дзеяньні, якія мы назіраем, несумяшчальныя з самавыяўленьнем і спадзяваньнямі грузінскага народу, — падкрэсьліў Патэль, якога цытуе «Голас Амэрыкі». — Больш за 80% грузінскага народу хочуць сяброўства ў ЭЗ. Мы падтрымліваем гэтае імкненьне і заклікаем урад Грузіі працягваць ісьці па шляху інтэграцыі з Эўразьвязам... Урад Грузіі заявіў, што ён хацеў уступіць у ЭЗ і мець адносіны з трансатлянтычнымі альянсамі, такімі як NATO, але падобная заканадаўчая дзейнасьць, якую гэты ўрад праводзіць, несумяшчальная з заяўленымі мэтамі».

Патэл заявіў, што «гэтыя дзеяньні будуць мець наступствы», пры гэтым, адмовіўшыся ўдакладняць тыя крокі, якія адміністрацыя ЗША можа зрабіць.

«Мы прадоўжым цесна кансультавацца наконт гэтага з нашымі партнэрамі ў Эўропе», — сказаў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту.

Адказваючы на пытаньне аб затрыманьні амэрыканскіх грамадзян у Тбілісі, Вэдант Патэль запэўніў, што «ўся неабходная дапамога гэтым грамадзянам будзе аказаная».

Зь меркаваньняў прыватнасьці, прадстаўнік Дзярждэпартамэнту адмовіўся раскрыць захады, якія прымаюцца па гэтым факце адміністрацыяй ЗША.

14 траўня кіроўная партыя «Грузінская мара» плянуе разгледзець і зацьвердзіць у трэцім чытаньні законапраект «Аб празрыстасьці іншаземнага ўплыву».

Праціўнікі гэтага закону сабраліся каля парлямэнту на акцыю пратэсту ўвечары 12 траўня і правялі там ноч.

Раніцай 13 траўня паліцыя затрымала 20 пратэстоўцаў. Сярод затрыманых два грамадзяніны ЗША і адзін — Расеі.

17 красавіка парлямэнт Грузіі ўхваліў у першым чытаньні праект закону «Аб празрыстасьці іншаземнага ўплыву». Пратэсты працягнуліся і ў наступныя дні. Апазыцыя імкнецца да поўнага скасаваньня закону і яго абмеркаваньня.

Прыхільнікаў законапраекту пратэстоўцы называюць прыхільнікамі Расеі. Найперш гэта кіроўная партыя «Грузінская мара».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG