«Асабіста я ня ведаю нікога ў сваім атачэньні, ні ва ўрадзе, ні сярод дыпляматаў, хто быў бы адкрыта па-прарасейску настроены. Я разумею, што гэта можа быць своеасаблівай тактыкай для дасягненьня пэўнай мэты. Аднак я ўжо ня бачу сваёй ролі і рэсурсаў у гэтым кірунку: рухацца ў бок Эўропы і абараняцца ад Эўропы», — напісаў ён у Facebook.
Паводле яго, сытуацыя і настроі, якія ўзьніклі «ў стасунках з нашымі сябрамі і замежнымі партнэрамі ў сувязі з рэінкарнаваным законапраектам», робяць «надзвычай складанай» ягоную місію на пасадзе амбасадара Грузіі.
«Я таксама шчыра скажу, што мы павінны выказаць свой пратэст і задавальненьне выбарамі. Я не хачу, каб маё шчырае меркаваньне было ўспрынята як палітычны дэмарш на чыюсьці карысьць ці на шкоду. Пасьля доўгіх ваганьняў я хачу пазбавіцца ад цяжару, зь якім, на мой погляд, я ўжо не змагу справіцца», — сказаў Джавахішвілі.
Выданьне Newsgeorgia адзначае, што раней двое супрацоўнікаў Міністэрства замежных справаў Грузіі публічна выказаліся супраць законапраекту аб «замежных агентах». Дарадца дэпартамэнту эўраатлянтычнай інтэграцыі МЗС Георгі Цыскарышвілі заявіў, што законапраект «ставіць пад пагрозу інтэграцыю краіны ў Эўразьвяз, супярэчыць Канстытуцыі Грузіі і дэмакратычнаму разьвіцьцю краіны». Першы сакратар амбасады Грузіі ў Армэніі Аляксандар Гагаладзэ таксама выступіў супраць законапраекту і асудзіў гвалт, які «ўлады дэманстратыўна ўжылі» супраць пратэстоўцаў.
1 траўня парлямэнт Грузіі ўхваліў у другім чытаньні законапраект «Аб празрыстасьці замежнага ўплыву». Дакумэнт, як і ў першым чытаньні, падтрымалі 83 дэпутаты са 150 — дэпутаты ад кіроўнай партыі «Грузінская мара» і яе партнэра па кааліцыі партыі «Сіла людзей». Праціўнікі законапраекту называюць яго калькай з расейскага закону аб «замежных агентах». Дакумэнт скрытыкавалі ў ЗША і Эўропе. Разгляд законапраекту ў Грузіі суправаджаецца масавымі пратэстамі.
Форум