Швайцарыя перамагла ў конкурсе песьні «Эўравізія» ў швэдзкім Мальмё.
Сёлетні конкурс трапіў у цэнтар палітычнай увагі праз заклікі выключыць Ізраіль за яго ваенную кампанію ў Газе, выкліканую сьмяротнай атакай ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка з захопам закладнікаў, згвалтаваньнямі і забойствамі.
24-гадовы швайцарскі рэпэр Nemo перамог у конкурсе зь песьняй «The Code», у зьмяшаным жанры drum and bass, опэры, рэпу і року, пра шлях Nemo да самаспазнаньня як небінарнай асобы.
«Я спадзяюся, што гэты конкурс апраўдае свае абяцаньні і працягне выступаць за мір і годнасьць для кожнага чалавека ў гэтым сьвеце», — сказаў Nemo пасьля атрыманьня трафэю «Эўравізіі» на сцэне, піша Reuters.
Трыюмф Nemo на «Эўравізіі» стаў трэцім для Швайцарыі і першым пасьля таго, як канадзкая зорка Сэлін Дыён, выступаючы за альпійскую краіну, перамагла ў 1988 годзе зь песьняй «Ne Partez Pas Sans Moi».
28-гадовы Baby Lasagna з Харватыі (сапраўднае імя Марка Пурышыч) заняў другое месца зь песняй «Rim Tim Tagi Dim» пра маладога чалавека, які пакідае дом, імкнучыся стаць «гарадзкім хлопцам» зь лепшымі магчымасьцямі.
А вось 20-гадовая Эдэн Галян з Ізраілю заняла 5-е месца ў конкурсе, нягледзячы на заклікі дэманстрантаў да поўнага байкоту яе краіны. Выканаўца стала адной з галоўных прэтэндэнтак на перамогу пасьля выхаду ў фінал. Але падчас выступу было чуваць сьвіст. Сьвіст быў і пры агучваньні балаў ізраільскага журы.
Некалькі тысяч пратэстоўцаў сабраліся ў цэнтры Мальмё напярэдадні суботняга фіналу, размахваючы палестынскімі сьцягамі і выкрыкваючы «Эўравізія — аб’яднаныя генацыдам» (гэта перакручваньне афіцыйнага дэвізу конкурсу «Аб’яднаныя музыкай»). Пратэстоўцы гаварылі пра «двайныя стандарты», калі Эўрапейскі трансьляцыйны зьвяз забараніў Расеі ўдзельнічаць у конкурсе 2022 году за яе ўварваньне ва Ўкраіну. Ізраіль, на думку пратэстоўцаў, таксама мусіў быць выключаны сёлета.
Некалькіх удзельнікаў маніфэстацый затрымалі, у тым ліку вядомую швэдзкую экалягічную актывістку Грэту Тунбэрг.
Дваццаць пяць краін спаборнічалі ў фінале пасьля таго, як нідэрляндзкага артыста Ёста Клейна выключылі з конкурсу з прычыны скаргі, пададзенай чальцом групы прадукцыі конкурсу.
Галасы гледачоў склалі палову балаў канчатковага выніку, у той час як журы зь пяці музычных прафэсіяналаў у кожнай краіне-ўдзельніцы склалі другую палову.
Пераможца «Эўравізіі» атрымлівае афіцыйны шкляны трафэй конкурсу, які мае форму клясычнага старамоднага мікрафона зь пескаструйнай апрацоўкай. Краіна-пераможца атрымлівае права праводзіць конкурс налета.
Nemo зламаў крохкі прыз неўзабаве пасьля яго атрыманьня, але яму далі новы наўзамен.
«Я ня проста парушыў кодэкс, я таксама зламаў трафэй», — сказаў Nemo, сьмеючыся, на прэс-канфэрэнцыі пасьля перамогі.
Беларусь сёлета зноў не прысутнічала сярод удзельнікаў. Краіну дыскваліфікаваў Эўрапейскі трансьляцыйны зьвяз.
Форум