Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскага салдата-дэзэртэра Эміля Чэчку зьбіраюцца пахаваць праз 1,5 месяца пасьля гібелі


Эміль Чэчка
Эміль Чэчка

Дэзэртэр, які перабраўся з Польшчы на беларускі бок і апавядаў дзяржаўным тэлеканалам пра «зьверствы польскіх памежнікаў» у дачыненьні да мігрантаў, быў знойдзены 17 сакавіка павешаным у кватэры ў Менску.

Тэлеграм-канал праўладнага праваабарончага цэнтру «Системная правозащита» паведаміў пра разьвітаньне з Эмілем Чэчкам. З гэтага вынікае, што цела паляка 1,5 месяца знаходзілася ў моргу.

У цэнтры патлумачылі, што цела Эміля Чэчкі ў Польшчу не перадавалі, яго пахаваюць на польскіх могілках у Вілейскім раёне Менскай вобласьці.

«Родныя ня выйшлі [на сувязь]. Польскае пасольства адмовілася ўзаемадзейнічаць — ім быў накіраваны ліст. Зьвязацца з маці не ўдалося, яе лёс цяпер невядомы, будзем удакладняць інфармацыю. Пахаваньне арганізоўвае наша арганізацыя, — расказаў журналісту Zerkalo.io Дзьмітры Белякоў, дырэктар «Сыстэмнай праваабароны».

25-гадовы Чэчка, які ўцёк у Беларусь 16 сьнежня, сьцьвярджаў, што нібыта на мяжы забілі сотні мігрантаў, а ў некаторых забойствах ён браў удзел асабіста. Гэтыя словы ў выніку не былі пацьверджаныя ніякімі доказамі. 21 сьнежня 2021 году Элізабэт Тросэл, афіцыйная прадстаўніца Офісу Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, заявіла, што ААН ня мае зьвестак пра «масавыя пахаваньні мігрантаў» на мяжы Польшчы і Беларусі.

Апошні раз у публічнай прасторы Чэчку бачылі 16 сакавіка ў відэа, у якім ён заявіў, што за Ўкраіну ваююць «польскія фашысты». Сярод іншага ён сказаў пра размову з псыхолягам. У кадры таксама зьявіўся Дзьмітры Белякоў — кіраўнік створанага ўладамі пасьля разгрому праваабарончых арганізацый цэнтру «Системная правозащита».

Тады Белякоў паведаміў, што Чэчка атрымаў пасьведчаньне аб рэгістрацыі хадайніцтва аб наданьні статусу ўцекача і атрыманьні дадатковай абароны тэрмінам на паўгода. Белякоў сказаў таксама, што Чэчка «актыўна сябе знаходзіць у звычайным беларускім цывільным жыцьці».

На наступны дзень Чэчку знайшлі павешаным па месцы пражываньня ў Менску пры нявысьветленых абставінах. Сьледчы камітэт тады абяцаў правесьці расьсьледаваньне, аднак за наступныя тыдні не было ніякіх паведамленьняў пра хаду сьледзтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG