Рафах, разьмешчаны на поўдні сэктару Газа, застаецца апошняй буйной апорай на гэтай палестынскай тэрыторыі для групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і Эўразьвязе.
У інтэрвію CNN, якое выйшла ў сераду, Байдэн прызнаў, што амэрыканскія бомбы, пастаўленыя Ізраілю, станавіліся прычынай гібелі цывільных асобаў за сем месяцаў ізраільскага наступу ў сэктары Газа. Ён пачаўся ў адказ на крывавы напад баевікоў ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка мінулага году.
Па словах Джо Байдэна, Злучаныя Штаты па-ранейшаму прыхільныя абароне Ізраілю і працягнуць пастаўляць яму ракеты-перахопнікі для сыстэмы «Жалезны купал», а таксама іншае абарончае ўзбраеньне. Аднак у выпадку апэрацыі ў Рафаху ЗША ня будуць забясьпечваць Ізраіль артылерыйскімі снарадамі і зброяй для яе правядзеньня, сказаў Байдэн.
Агенцтва Reuters называе гэтыя словы кіраўніка Белага дому самымі рэзкімі яго камэнтарамі на гэты момант. Заява Байдэна ўзмацняе ціск на Ізраіль, каб той устрымаўся ад маштабнай апэрацыі ў Рафаху, дзе пасьля ўцёкаў ад баявых дзеяньняў на поўначы сэктару знайшлі прытулак сотні тысяч палестынцаў, дадае агенцтва.
Форум