Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка адправіў у адстаўку старшыню Памежнага камітэта Лапо, якому ўкраінскі калега перадаваў 30 срэбранікаў


Анатоль Лапо
Анатоль Лапо

На месца Анатоля Лапо прызначылі Канстанціна Моластава, які займаў пасаду начальніка Горадзенскай памежнай групы.

Аляксандар Лукашэнка 30 траўня назначыў Канстанціна Моластава новым старшынём Дзяржаўнага памежнага камітэту, паведамляе БелТА.

Да прызначэньня кіраўніком ДПК Моластаў займаў пасаду начальніка Горадзенскай памежнай групы.

Анатоля Лапо, які ўзначальваў раней Дзяржаўны памежны камітэт, звольнілі з вайсковай службы ў запас.

Кіраўнік украінскіх памежнікаў Сяргей Дайнека расказваў, як сустракаўся з Анатолем Лапо і даваў яму паслухаць перахопленыя размоў расейскіх вайскоўцаў.

«Мы дакладна разумелі, што ўварваньне будзе з тэрыторыі Беларусі, з чарнобыльскага кірунку. Дакладна разумелі, што будзе на мяжы Харкаўскай і Луганскай абласьцей, дзе вораг мусіў зайсьці, каб атачыць і зьліквідаваць нашу групоўку ў зоне апэрацыі Аб’яднаных сіл», — сказаў Дэйнэка ў інтэрвію выданьню «Українська правда».

«Ён пабляднеў, потым стаў чырвоным, потым зялёным, абяцаў, што ў той жа вечар зробіць даклад Лукашэнку. Ну а далей мы ўжо бачылі, што адбывалася».

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

У сакавіку 2022 году Дзяржаўная памежная служба Ўкраіна апублікавала відэазапіс з размовай украінскага памежніка з амбасадарам Беларусі ва Ўкраіне Ігарам Сокалам, які выяжджае з тэрыторыі Ўкраіны.

У прыватнасьці, украінскі памежнік паведамляў, што, выконваючы загад кіраўніка Дзяржаўнай памежнай службы Сяргея Дайнекі, ён перадае празь беларускага амбасадара «палымянае прывітаньне і 30 срэбранікаў» старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, генэрал-лейтэнанту Лапо.

Новы кіраўнік беларускаіх памежнікаў Канстанцін Моластаў нарадзіўся ў 1970 годзе ў горадзе Чырвонаармейску Саратаўскай вобласьці Расеі. У 1993 годзе скончыў Алмацінскую вышэйшую памежную камандную вучэльню, у 2004 годзе — Памежную акадэмію Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі, у 2011-м — Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, у 2019-м — Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі.

З 1993 па 2014 год праходзіў службу ў розных падразьдзяленьнях памежных войск. У 2014 годзе быў прызначаны на пасаду начальніка Горадзенскай памежнай групы, якую займаў да гэтага часу.

Лукашэнка зьмяніў і кіраўнікоў мясцовай вэртыкалі ў шэрагу раёнаў краіны, а таксама ў структуры Горадзенскага і Менскага гарвыканкамаў.

Андрэй Хмель, які працаваў да гэтага часу міністрам ЖКГ, прызначаны на пасаду мэра Горадні. Вадзім Перадня ўзначаліць адміністрацыю Першамайскага раёну Менску, дзе ён працаваў на пасадзе першага намесьніка кіраўніка раёну.Новыя старшыні зьявяцца ў трох раёнах Беларусі: Ігар Мароз — у Аршанскім, Анатоль Ладыга — у Салігорскім і Юрый Карловіч — у Клецкім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG