Жыхарка Балашыхі Маскоўскай вобласьці Расеі падазраецца ў выкарыстаньні рабскай працы, адзначае інфармагенцтва. Яна «незаконна ўтрымлівала пяцёх мужчын і жанчыну ў кватэры аднаго з дамоў у названым населеным пункце, ужывала да іх фізычны і псыхалягічны гвалт».
Паводле зьвестак МУС, затрыманая забрала ў беларусаў мабільныя тэлефоны і пашпарты на падставе неабходнасьці зрабіць ксэракопію.
Паведамляецца, што беларусаў прымушалі прасіць міласьціну на вуліцах, «працоўная зьмена» доўжылася з самай раніцы да позьняга вечара, штодзённы даход кожнага складаў 5–10 тысяч расейскіх рублёў (50–100 эўра), гэтыя грошы яны аддавалі расейцы.
Паводле слоў затрыманай, раней яна сама жабравала, але захварэла, і жабраваць стала цяжка.
Грамадзяне Беларусі, узятыя ў рабства, ня мелі сталага месца жыхарства, некаторыя паходзяць з малазабясьпечаных сем’яў, злоўжывалі алькаголем. Яны пацьвердзілі, што грошай за жабраваньне ім не плацілі.
Форум