Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Польшчы заявіў, што зьбеглы судзьдзя Шмыт даўно супрацоўнічаў зь беларускімі ўладамі


Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск
Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск

Польскі судзьдзя Томаш Шмыт, які ўцёк у Беларусь і 6 траўня выступіў у Менску на прэсавай канфэрэнцыі, меў зь Беларусьсю сувязі працяглы час.

Пра гэта на паседжаньні польскага ўраду ў Катавіцах заявіў прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск, паведаміла польскае інтэрнэт-выданьня gazeta.pl.

«Няма сумневу, што мы сутыкнуліся не з адзінкавым выпадкам, а з праблемай, якая пачалася даўно», — сказаў Дональд Туск пра гісторыю з Томашам Шмытам. Таксама Дональд Туск згадаў «розныя дзіўныя падзеі», зьвязаныя, на ягоную думку, з «агрэсіўнымі паводзінамі расейскіх і беларускіх спэцслужбаў у Эўропе». Дарэчы, у залі, дзе мелася праходзіць паседжаньне ўраду Польшчы, польскія спэцслужбы знайшлі прылады для падслухоўваньня.

Паводле выданьня, Дональд Туск падкрэсьліў, што выпадак з уцёкамі судзьдзі Шмыта нельга недаацэньваць, бо той меў непасрэдны доступ да былога міністра юстыцыі, «які меў доступ да сакрэтных дакумэнтаў, да якіх ніякая выведка не павінна мець доступу».

«Той факт, што стасункі судзьдзі Шмыта зь беларускімі ўладамі маюць доўгую гісторыю, а ня ёсьць справай апошніх месяцаў, павінен выклікаць у нас найвялікшы неспакой. Трэба ўлічваць, наколькі сур’ёзная сытуацыя, зьвязаная з вайной ва Ўкраіне», — таксама зазначыў прэм’ер-міністар Дональд Туск.

Вядома, што былы судзьдзя адміністрацыйнага суду Томаш Шмыт уцёк у Беларусь праз Турэччыну і 6 траўня папрасіў абароны ў беларускіх уладаў. Польскія мэдыя пішуць, што ў канцы 2019 году Томаш Шмыт браў удзел у «хэйтэрскай афэры» — скандале са спробай ціску на судзьдзяў і адвакатаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG