Нягледзячы на праблемы, якія адчувае беларускі бізнэс у Літве, у большасьці буйных падаткаплатнікаў адлічэньні ў мясцовую казну ў пачатку 2024 году расьлі, паведамляе партал Thinktanks.
Паводле зьвестак, якія апублікавала Дзяржаўная падатковая інспэкцыя пры Міністэрстве фінансаў Літвы, у топ-500 найбуйнейшых платнікаў падаткаў па выніках першага кварталу 2024 году апынуліся чатыры кампаніі зь беларускімі каранямі. Усе яны — прадстаўнікі IT-сэктару, якія рэлякаваліся ў Літву ў 2020-2022 гадах.
Самая значныя адлічэньні ў казну Літвы зрабіла кампанія Epam sistemos, якая мае ў краіне два цэнтры распрацоўкі — у Вільні і Коўне. Сума яе падаткаў склала 4,3 млн эўра. Для параўнаньня: у аналягічным пэрыядзе 2023 году распрацоўшчык заплаціў 4 млн эўра падаткаў. У рэйтынгу па выніках першага кварталу 2024 году Epam sistemos заняла 75-е месца і засталася найважнейшым падаткаплатнікам у літоўскай IT-галіне.
Літоўская дачка распрацоўніка сусьветна вядомай гульні World of Thanks Wargaming Vilnius скараціла адлічэньні за першы квартал у 1,8 раз — з 5,17 млн да 2,97 млн эўра і стала 120-й у рэйтынгу топ-500 падаткаплатнікаў Літвы.
Адзін зь вядучых у сьвеце вытворцаў тэлематычнага праграмнага забесьпячэньня Gurtam, у першым квартале пералічыў 1,15 млн эўра ў Літве — значна большая, чым па выніках студзеня-сакавіка 2023 году (каля 880 тысяч эўра). Gurtam у выніку заняў 370-ы радок у рэйтынгу.
Распрацоўшчык заказнога праграмнага забесьпячэньня Andersen Soft па выніках першага кварталу 2024 году заплаціў у літоўскую казну 1,12 млн эўра падаткаў, яго месца ў сьпісе найбуйнейшых падаткаплатнікаў — 381-е.
Форум