Пра гэта разважае эканамістка з дасьледчага цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна.
Пакуль што няма афіцыйнага рашэньня ўраду, якія менавіта віды дзейнасьці стануць незаконнымі для індывідуальных прадпрымальнікаў. Сьпіс мае зьявіцца да 1 ліпеня. Папярэдне чыноўнікі гаварылі пра юрыдычныя паслугі, онлайн-курсы, навучаньне, гуртовы гандаль, турыстычныя паслугі. Паводле Белстату, на 1 студзеня ў Беларусі было крыху болей за 250 тысяч ІП — дзясяткі тысяч зь іх могуць сысьці з прадпрымальніцтва.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты інтэрвію
- ІП ніколі не займалі значнай долі ў эканоміцы, але гэта яе важная частка, якая выконвае некалькі функцый: гэта нейкая вытворчасьць і паслугі, гэта занятыя людзі, а таксама і працоўныя месцы для іншых людзей. У некаторых мясцовасьцях, куды не заходзяць буйныя кампаніі, менавіта ІП могуць аказваць паслугі, якія бязь іх былі б абмежаваныя. Можна нават сказаць, што ІП нясуць сацыяльную нагрузку.
- Дзяржава за апошнія гады ўжо ўзмацняла падатковую нагрузку на індывідуальных прадпрымальнікаў. Але калі індывідуальны прадпрымальнік перарэгіструецца ў юрыдычную асобу, гэта ўжо зусім іншая адказнасьць і нагрузка. Для гэтага патрэбныя прафэсійныя веды ў сфэры бухгальтэрыі, фінансаў, юрыдычныя веды. Трэба будзе альбо давучвацца, альбо значна вырастуць выдаткі — да прыкладу, на прафэсійных бухгальтараў.
- Нядаўна прадстаўнік «БСБ-банку» казаў, што больш за 90 працэнтаў ІП, якія закрываюць у іх рахункі, кажуць пра спыненьне дзейнасьці, а не пра стварэньне юрыдычнай асобы.
- ІП можна параўнаць са стартапамі — людзі спрабуюць сябе ў бізнэсе. Калі такую магчымасьць прыбіраюць і прымушаюць адразу «пераскокваць» на юрыдычныя асобы, дык, на маю думку, гэта ня вельмі правільна для структуры эканомікі.
- Магчыма, для дзяржавы адна з матывацый — гэта тое, што людзі, якія сыдуць з ІП, могуць папоўніць шэрагі найманых працаўнікоў. Ужо ня першы год беларуская эканоміка губляе кадры праз дэмаграфічныя працэсы і рэлякацыю людзей у іншыя краіны.
- У апошнія гады элемэнты плянавасьці і кантролю ў эканоміцы Беларусі ўзмацняюцца. А ІП цяжэй кантраляваць.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум