Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Латушка заявіў пра ціск на сваякоў сябраў «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня»


Павал Латушка, архіўнае фота
Павал Латушка, архіўнае фота

На фоне пагрозаў Аляксандра Лукашэнкі сваякам беларускіх палітычных уцекачоў кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня», намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэта Сьвятланы Ціханоўскай Павал Латушка распавёў пра ціск на сваякоў сябраў НАУ.

«За апошні тыдзень у нашай камандзе мы мелі пяць выпадкаў, калі ў дачыненьні да сваякоў чальцоў „Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня“ былі спробы шантажу, ціску, іншых спосабаў незаконных дзеяньняў для таго, каб паўплываць на нашу працу», — заявіў Павал Латушка ў інтэрвію ўкраінскаму журналісту Васілю Галаванаву, заўважыла выданьне «Позірк».

Павал Латушка назваў рэпрэсіі супраць сваякоў сябраў НАУ праявай «сталінізму».

«Гэта сталінізм, гэта ўвядзеньне формулы „сябра сям’і ворага народа“. І толькі на падставе роднасных сувязяў чалавека можна будзе рэпрэсаваць: турма, звальненьне, ціск, затрыманьні, допыты. Гэта ўжо мае месца быць, але ён хоча гэта маштабаваць», — заявіў Павал Латушка.

  • 25 красавіка на пасяджэньні Ўсебеларускага народнага сходу Аляксандар Лукашэнка прыгразіў беларусам, якія выехалі за мяжу і «выношваюць пляны супраць Беларусі», рэпрэсіямі супраць іхных сваякоў, а таксама пазбаўленьнем іх уласнасьці. «Не забывайце, што вы вельмі моцна шкодзіце сваім сваякам. Не забывайце, што ў вас нейкая ўласнасьць ёсьць тут (у Беларусі. — рэд.), раю ўжо забыцца пра гэтую ўласнасьць. Але ня стаўце пад удар сваіх сваякоў», — заявіў Лукашэнка.
  • З 2020 году зь Беларусі з прычыны палітычных рэпрэсіяў, паводле розных ацэнак, зьехалі ад 350 да 500 тысяч чалавек. І ў 2024 годзе правы чалавека ў Беларусі па-ранейшаму парушаюцца, асноўныя свабоды знаходзяцца ў крытычна ўразьлівым становішчы, бесперапынна адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненьні да палітычных супернікаў рэжыму і іншадумцаў, адзначаюць праваабронцы «Вясны».
  • Па стане на 25 красавіка, у Беларусі ў месцах пазбаўленьня волі знаходзяцца 1398 палітвязьняў, афіцыйна прызнаных такімі праваабарончай супольнасьцю. Акрамя таго, па стане на канец сакавіка сама меней 1 680 палітвязьняў ужо выйшлі зь месцаў зьняволеньня. Рэальная колькасьць палітвязьняў у Беларусі можа быць большай, адзначаюць праваабаронцы.
  • Палітычных апанэнтаў рэжыму, якія знаходзяцца за мяжой, у Беларусі пачалі судзіць завочна ў рамках так званага «спэцыяльнага вядзеньня». Менавіта гэткім чынам, сярод іншых, асудзілі палітыкаў Сьвятлану Ціханоўскую (15 гадоў калёніі агульнага рэжыму) і Паўла Латушку (18 гадоў узмоцненага рэжыму), а таксама блогераў Сьцяпана Пуцілу (29 гадоў узмоцненага рэжыму) і Яна Рудзіка (19 гадоў узмоцненага рэжыму) і інш.
  • Таксама вядомыя выпадкі, калі праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі, якія знаходзяцца за мяжой або ў зьняволеньні, канфіскоўвалі іх маёмасьць у Беларусі, а пасьля прадавалі з аўкцыёнаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG