Паводле БелТА, КДБ раскрыў падрабязнасьці «затрыманьня дывэрсантаў СБУ ў Беларусі» і іх імёны: «Гэта грамадзяне Ўкраіны Сяргей і Павел Кабарчукі (бацька і сын), а таксама грамадзянін Беларусі Віталь Уласюк (1970 году нараджэньня, жыхар Берасьця)».
Як піша «Наша ніва» Уласюк нарадзіўся ў Туркмэністане, у горадзе Кізіл-Арват (цяпер — Гызыларбат).
Раней ён служыў у вайсковай частцы № 92161 — гэта 38-я асобная гвардзейская дэсантна-штурмавая брыгада, якую некалі ўзначальваў Валер Сахашчык.
Паводле зьвестак Белполу, Уласюк працаваў мантажнікам. А ў сацсетках публікаваў і лайкаў у асноўным матэрыялы, якія праслаўляюць «рускі сьвет» і вайну, а таксама пляжаць беларускую апазыцыю.
Уласюк таксама ўдзельнічаў у мерапрыемствах прыхільнікаў «рускага сьвету», у прыватнасьці, у акцыях «Несьмяротны полк».
Незразумела, як такія яго погляды стасуюцца з роляй «дывэрсанта СБУ», піша «Наша ніва».