Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пасьля Акрэсьціна мы забралі заяву на развод». Гісторыя беларускай сям’і, якая ацалела дзякуючы рэпрэсіям


Ізалятар часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна ў Менску, 2020 год
Ізалятар часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна ў Менску, 2020 год

«Казала сілавікам, вы яшчэ за мяне галасаваць будзеце». Былая зьняволеная Акрэсьціна расказала пра катаваньні тэмпэратурай і адсутнасьцю сну, пра іншых зьняволеных і стаўленьне сілавікоў.

Вераніку (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы) затрымалі ў лютым, пасьля трансьляцыі выступу Сьвятланы Ціханоўскай на сталічных экранах. Тады гэтую акцыю правяло аб’яднаньне былых сілавікоў BelPol. Знаёмы Веранікі зьняў трансьляцыю відэа ў мэтро на тэлефон, яго высачылі па камэрах і затрымалі.

А ў тэлефоне пасьля знайшлі фатаздымак Веранікі, на якім яна ў майцы з Пагоняй на замежным рок-фэстывалі. Гэта і стала падставай для затрыманьня. Жанчына кажа, што яе высочвалі паўдня і нават пэленгавалі тэлефон па вышках. Чакалі некалькі гадзін, пакуль яна зьезьдзіць на манікюр, і пасьля ўламаліся дадому.

Пра затрыманьне і ператрус

Вераніка расказвае, што сілавікі пры затрыманьні робяць усё, каб запужаць, а таксама знарок правакуюць людзей на эмоцыі.

«Адзін з гэтых сілавікоў быў у балаклаве з такім малюнкам страшных белых зубоў, ён быў самы вялікі і агрэсіўны. Мне нават паказалі электрашокер перад носам і сказалі, што прыменяць, калі я буду супраціўляцца. Дома правялі ператрус, хадзілі ў ботах па ложку, усялякім чынам правакавалі мяне, каб вывесьці на эмоцыі. Я адрэагавала, толькі калі пацягнулі гітару. Сказала, каб паклалі на месца. Мяне тады ў грубай форме спыталі, як я хачу, каб яе разьбілі: аб падлогу ці аб сьцяну», — успамінае Вераніка.

Пасьля некалькіх гадзін ператрусу Вераніку вывелі з дому і павезьлі ў пастарунак. Як высьветлілася, затрыманьне праводзілі супрацоўнікі ГУУС Ленінскага раёну Менску. Яе крыху правялі па квартале ў кайданках з апушчанай галавой.

«Ужо ў машыне яны ўсё пыталіся, чаму я ў гэтым усім удзельнічаю. Я расказала, што ўдзельнічаю ўсё жыцьцё. Сказала, што я не галасавала за Ціханоўскую, бо тады не было даверу. Сказала, што сама буду прэзыдэнтам і яны будуць за мяне галасаваць. Казала, што ім трэба пераходзіць на бок народу, тады іх ня будуць ненавідзець. Яны пыталіся пра маё дзяцінства. У канцы, у іх ужо быў іншы тон размовы, груба яны не гаварылі. А калі прывялі ў пастарунак, самы вялікі ў балаклаве прынёс мне фундучную каву і печыва са словамі «На, малая, паеш. Яшчэ ня скора зможаш», — кажа Вераніка.

У выніку пратакол на маладую жанчыну складаў супрацоўнік МУС, якому 21 год. Ён таксама ўдзельнічаў у затрыманьні, але паводзіў сабе ціха і спакойна. Артыкул выбраў за «парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў».

«Ён мне паказаў маю фотку „УКантакце“ 10-гадовай даўнасьці, дзе я са сьцягам. У Telegram знайшоў два рэпосты „Люстэрка“. Таксама адзін раз я дасылала ў адзін чат-бот сваю фатасэсію. Таксама ён знайшоў сем фатаздымкаў са сьцягам, у тым ліку з дазволеных мітынгаў. Ён склаў пратакол на адзін здымак і абяцаў даваць 15 дзён арышту за кожны знойдзены. Нібыта я пікетую для сваіх 200 сяброў „УКантакце“. І гэта стала правапарушэньнем з таго моманту, як бел-чырвона-белы сьцяг прызналі экстрэмісцкім», — распавядае Вераніка.


Суд і Акрэсьціна

Разам зь Веранікай людзей судзілі за п’янку, за гвалт, за крадзеж — давалі штраф па дзьве «базавыя» і адпускалі. Усім палітычным давалі «суткі». У той жа дзень судзілі дзяўчыну, у якой з 2020 году вісеў сьцяг на бальконе.

«На Акрэсьціна ахоўнік адразу запытаўся ў міліцыянтаў, колькі „кантрольных“. Так яны называюць палітычных. На мяне ён пачаў крычаць, што такія, як я, горшыя за бамжоў і нас трэба расстрэльваць. Гэта таму, што я гаварыла зь ім па-беларуску, глядзела ў вочы. Гэтаму мужчыну гадоў 50. Усім непалітычным можна браць куртку, шапку, шалік. Усім палітычным гэта забараняецца. Мне не далі з сабой таблетак, хоць у мяне на той момант была клінічная дэпрэсія. Падчас майго вобшуку на Акрэсьціна ў пакой, дзе гэта адбывалася, заходзілі ў тым ліку мужчыны, што строга забаронена», — прыгадвае Вераніка.

Ілюстрацыйнае фота з архіву суразмоўцы, рэканструкцыя быту на Акрэсьціна.
Ілюстрацыйнае фота з архіву суразмоўцы, рэканструкцыя быту на Акрэсьціна.

Свой першы 15-дзённы арышт яна адбывала ў камэры на дваіх, дзе на 9 квадратных мэтрах знаходзіліся 16 чалавек. Нараў, на якіх можна ляжаць, было толькі двое.

«Са мной у камэры былі двое выкладчыкаў унівэрсытэту, галоўная эканамістка вядучага банку, адвакатка, маці вядомага блогера. Яе і ейнага мужа пасадзілі на два тэрміны проста за тое, што яны ягоныя бацькі. Таксама сядзела жонка гэндырэктара буйной кампаніі. Была дзяўчына, якую падставіў былы хлопец. Саджаюць цяпер за рэпосты, за данаты. Адну жанчыну пасадзілі, бо яна 8 сакавіка падышла да міліцыянтак і спытала, чаму яны выбралі гэтую прафэсію. За гэта паехала на 14 сутак», — расказвае Вераніка.

Ілюстрацыйнае фота з архіву суразмоўцы, рэканструкцыя быту на Акрэсьціна.
Ілюстрацыйнае фота з архіву суразмоўцы, рэканструкцыя быту на Акрэсьціна.

Жанчына пералічыла некалькі відаў катаваньняў, якімі цяпер карыстаюцца турэмнікі на Акрэсьціна. Напрыклад, адключаюць вэнтыляцыю, уключаюць батарэю, зачыняюць «кармушку». У выніку адна зьняволеная ў яе камэры страціла прытомнасьць.

Катуюць і холадам — уключаюць кандыцыянэр на поўную магутнасьць, выключаюць батарэю, адчыняюць «кармушку». Вераніка кажа, што так рабілі ўначы. У выніку амаль усе ў камэры хварэлі.

Падсяленьне хворых і бяздомнікаў — яшчэ адна форма катаваньня. У камэры ў Веранікі была хворая на дэмэнцыю жанчына, якой не давалі лекаў. У выніку ў той пачалося нетрыманьне мачы.

Адсутнасьць сну — зьняволеным не даюць спаць, будзяць у 2 гадзіны ночы, у 4 гадзіны раніцы, а ў 6 пад’ём.

«Нам уключалі розныя „ябацькаўскія“ песьні: Саладуху, сясьцёр Грузьдзевых. І раптам у адзін момант зайграў „Магутны Божа“. Мы вельмі зьдзівіліся, і было адчуваньне, што мо нешта адбылося, а мы ня ў курсе. Пэўна, у турэмнікаў гэта выпадкова вылезла ў падборцы. Быў яшчэ „Аксамітны летні вечар“. Там няма ніякіх падзей: ні кніг, ні прагулак, ні душу. У нас адна дзяўчына захаплялася пол-дэнсам, дык круціла трукі проста на нарах, як на пілёне», — прыгадвае Вераніка.


Мужа і сяброўку таксама асудзілі, бо яны прыйшлі на суд

Пасьля сканчэньня арышту, Вераніку зноў затрымалі проста на выхадзе з Акрэсьціна. Яе пасадзілі ў машыну і зноў завезьлі ў РАУС. Ейных мужа і сяброўку пасьля таксама затрымалі на судзе. Яго арыштавалі на 12 дзён, бо нібыта «раскідаў флямастары ў РАУСе». Сяброўцы таксама прысудзілі 12.

«Новы пратакол складаў той жа міліцыянт, ён стаў малодшым лейтэнантам ужо за час майго першага арышту. А яшчэ ён казаў, што я ідэйная і можна саджаць усё мае акружэньне. Я шчыра запыталася пра трэці пратакол ці крыміналку. Каб сказаў, ці выйду я наагул. Адказаў, што на крыміналку мне ўжо хапае, што мяне будуць увесь час правяраць. Аднак калі я папрасіла сказаць канкрэтна, чаго мне чакаць, ён сказаў, што, хутчэй за ўсё, пасьля другіх „сутак“ я выйду. Ён яшчэ сказаў, што зь дзяцінства ненавідзіць гомасэксуалістаў. І пасьля ён вывеў з малпоўні ў РАУСе мужчыну, вярнуў праз гадзіну пабітага. Жанчын там ня білі. Аднак на Акрэсьціна я чула крыкі, як білі мужчын», — успамінае жанчына.

Ілюстрацыйнае фота з архіву суразмоўцы, рэканструкцыя быту на Акрэсьціна.
Ілюстрацыйнае фота з архіву суразмоўцы, рэканструкцыя быту на Акрэсьціна.

Другі раз Вераніцы прысудзілі ўжо 12 дзён арышту. На яе думку, у гэтым дапамог адвакат. Другі адміністрацыйны тэрмін даўся нашмат цяжэй.

«У мяне нібыта душу скралі дэмэнтары. Мне было кепска ад таго, што я перастала піць антыдэпрэсанты, быў сындром адмены. Я амаль увесь час проста сядзела і маўчала. На апошнія 6 дзён мяне перавялі ў Магілёў. Усіх везьлі без кайданкоў, а мяне і яшчэ адну „кантрольную“ — у іх. І пасьля Магілёва мяне ўжо выпусьцілі», — расказвае Вераніка.


Новы «мядовы месяц» і канец дэпрэсіі

Суразмоўца кажа, што пасьля зьняволеньня яны з мужам прынялі рашэньне выяжджаць, бо знаходжаньне ў Беларусі пагражала ўжо крымінальным перасьледам. Прызнаецца, што ёсьць і пазытыўныя моманты ў такім досьведзе. Да арышту пара падала заяву на развод. Аднак пасьля ўсіх прыгодаў стасункі ў іх наладзіліся.

«Мы радасна сустрэліся, аб усім пагаварылі, у нас цяпер новы мядовы месяц, мы разам, мы забралі заяву на развод. У мяне была дэпрэсія, а цяпер яе няма, мне здаецца. Я хачу жыць, хачу радавацца небу бяз кратаў. Таксама ў мяне наладзіліся стасункі з бацькам, якія з прычыны дзіцячых крыўдаў былі нацягнутыя», — гаворыць Вераніка.

А з кепскіх наступстваў — пасьля дзьвюх арыштаў у жанчыны пагоршылася здароўе, знайшлі дабраякасную пухліну. Пакуль Вераніка яе ня вылечыць, ёй нельга заводзіць дзяцей. Што да сілавікоў, былая зьняволеная думае, што яны не ідэйныя і ўсё робяць паводле мэтадычак. Ім усё адно, якой уладзе служыць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG