Рашэньне камісіі — да выбараў дапушчаныя наступныя сьпісы:
- 1. «Салідарнасьць», 21 чалавек, лідэры — Георгі Дзьмітрук і Яўген Вільскі;
- 2. «Воля», 20 чалавек, Вадзім Кабанчук;
- 3. «Эўрапейскі выбар», 34 чалавекі, Аляксандар Дабравольскі;
- 4. «Наша справа», 14 чалавек, Роза Турарбекава;
- 5. «Закон і Правапарадак», 20 чалавек, Аляксандар Азараў;
- 6. «Голас дыяспар — Адзінства па-над межамі», 13 чалавек, Надзея Нортан;
- 7. «Незалежныя беларусы», 17 чалавек, Максім Шабуцкі;
- 8. Блёк Пракоп’ева-Ягорава, 34 чалавекі, Вадзім Пракоп’еў і Андрэй Ягораў;
- 9. Каманда Латушкі і рух «За свабоду», 46 чалавек, Павал Латушка і Юры Губарэвіч;
- 10. «Хопіць баяцца!», 14 чалавек, Тацяна Мартынава;
- 11. «Краіна для жыцьця», 17 чалавек, Віталь Савюк;
- 12. «Моладзевы наступ», 15 чалавек, Лізавета Пракопчык.
Сьпісу «За годнасьць беларусак» адмовілі ў рэгістрацыі. Раней паведамлялася, што яго стварылі ў якасьці пратэсту супраць квотаў для жанчын у сьпісах. Таму частку людзей у сьпісах падалі з жаночымі прозьвішчамі, хоць гэта мужчыны. Ачольваў сьпіс Яраслаў Грыгор’еў. Гэтыя самыя квоты крытыкавалі і іншыя кандыдаты, напрыклад, вядомы блогер і былы ўдзельнік палку Каліноўскага Максім Шабуцкі.
Сьпіс «За годнасьць беларусак» быў «палітычным пэрформансам» арганізацыі беларускіх нацыяналістаў «Рух». У сваім тэлеграм-канале арганізацыя патлумачыла свае матывы:
«Квоты ганьбяць нашых дзяўчын. Беларускі ня нейкія непаўнавартасныя асобы. Яны цалкам здольныя ўдзельнічаць у грамадзкім і палітычным жыцьці без аніякіх квотаў, што яны і даказалі за гэты час. Да таго ж, як стала вядома, у некаторых сьпісах жанчын для патрэбнай лічбы шукалі ў прамым сэнсе па абвестцы, праз знаёмых. Таму гэта яшчэ раз адкрыта паказвае штучнасьць і фармалізм гэтых квотаў.
Таксама сваім пэрформансам мы паіранізавалі над прымусовым навязваньнем лева-лібэральнай павесткі і паказалі недэмакратычнасьць у такім падыходзе. Тут, у адказных за выбары ў КР, атрымалася поўнае несупадзеньне і непасьлядоўнасьць поглядаў, дзе квоты павінны быць, а вось вызначаць свой гендэр самастойна чалавек ня можа».
Таксама рэгістрацыю не прайшла прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў справе нацыянальнага адраджэньня Аліна Коўшык. Адмову ёй выбарчая камісія патлумачыла тым, што ў афіцыйных паперах не была пазначаная другая частка ейнага прозьвішча. Коўшык тлумачыла, што ў гэты момант ня мае магчымасьці замяніць афіцыйныя дакумэнты.
Пазыцыю Каардынацыйнай рады Коўшык бачыць такім чынам:
«Калі прыняць агульнапрынятую сыстэму падзелу галінаў улады, то ўсё становіцца вельмі проста: у нас ёсьць прэзыдэнтка-элект, ёсьць выканаўчая ўлада — гэта Аб’яднаны пераходны кабінэт, ёсьць заканадаўчая пляцоўка — гэта Каардынацыйная рада», — цытуе Коўшык Радыё Рацыя.
Нягледзячы на адмову ёй у рэгістрацыі, Коўшык заклікала беларусаў да актыўнага ўдзелу ў працэсе выбараў у Каардынацыйную раду.
У склад Выбарчай камісіі ўваходзяць Андрэй Атаманчук, Дзьмітры Лазавік, Альвіна Мінгазава, Яраслаў Бекіш і Алена Прыходзька.
Выбары ў КР пачнуцца 25 траўня і працягнуцца да канца дня 27 траўня. Будуць выбраныя 80 дэлегатаў, тэрмін паўнамоцтваў — 2 гады.
З 25 красавіка па 25 траўня — пэрыяд агітацыі.
Што такое Каардынацыйная рада
- Каардынацыйная рада створаная ў Менску ўлетку 2020 году. Арганізацыя паставіла сабе за мэты «пераадоленьне палітычнага крызісу ў Беларусі» і «абарону сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны».
- Частка кіраўнікоў і заснавальнікаў КР, як Марыя Калесьнікава, Максім Знак і іншыя, апынуліся за кратамі. Частка арганізатараў і ўдзельнікаў выехалі за мяжу, некаторыя спынілі палітычную дзейнасьць.
- 9 жніўня 2022 году адбылася рэарганізацыя Рады. Асноўнай яе задачай стала распрацоўка «праграмных і стратэгічных дакумэнтаў, арганізацыя абмеркаваньня грамадзка значных пытаньняў, міжнароднае супрацоўніцтва, а таксама падрыхтоўка і абмеркаваньне канцэпцыяў разьвіцьця Беларусі»
- На пачатку лютага 2023 году апублікаваны склад «рэфармаванай» Каардынацыйнай рады. Сярод іншага, да яе далучыліся грамадзкая дзяячка Сьвятлана Мацкевіч, бізнэсовец Аляксандар Кныровіч, лідэрка ініцыятывы «Честные люди» Алена Жываглод, прадстаўнікі Офісу адукацыі для «новай Беларусі», Free Belarus Center, ZUBR, BEROC, «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў» і іншых арганізацыяў.
- ІІ скліканьне гэтай палітычнай структуры (9 лютага 2023) складаецца з 25 чальцоў асноўнага складу КР І скліканьня (19 жніўня 2020), 15 самавылучэнцаў, а таксама 75 дэлегатаў ад арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў (па 15 ад пяці тэматычных сэктараў — «палітычныя арганізацыі», «правы чалавека, моладзь і экалёгія», «адукацыя, культура і мэдыя», «мясцовыя супольнасьці, прафсаюзы і бізнэс», «дыяспары»).
- Тэрмін паўнамоцтваў ІІ скліканьня Рады — адзін год з дня правядзеньня першага ўстаноўчага сходу (8 лютага 2023 году) пасьля фармаваньня поўнага складу.
- Дэлегатаў трэцяга і наступных скліканьняў будуць выбіраць грамадзяне Беларусі «на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага і тайнага галасаваньня». У склад Рады трэцяга скліканьня будзе абрана 80 дэлегатаў, тэрмін паўнамоцтваў — 2 гады. Тэхнічна забясьпечваць працэс галасаваньня мае каманда ІТ-плятформы «Новая Беларусь».
- Улады Беларусі прызналі КР «экстрэмісцкім фармаваньнем».
- 28 лістапада 2023 у Беларусі прайшлі ператрусы ў сяброў арганізацыі і людзей, якіх сілавікі падазраюць у датычнасьці да КР. Старшыня КР Андрэй Ягораў заявіў, што дзеяньні рэжыму яскрава дэманструюць важнасьць для беларусаў маючых адбыцца выбараў у Раду.
- З 25 па 27 траўня адбыліся выбары ў ІІІ скліканьне Каардынацыйнай рады. Яны праходзілі онлайн з дапамогай праграмы шыфраваньня зьвестак.
- Напярэдадні выбараў за рассылку падпісантам чат-боту «Перамога» з гонкі зьнялі сьпіс «Закон правапарадак» на чале з Аляксандрам Азаравым. Скандал пачаўся ня толькі праз падобны сродак агітацыі, але і праз тое, што апавяшэньні прыходзілі людзям, якія даўно заблякавалі або выдалілі бот, што магло падставіць людзей, якія жывуць у Беларусі.
- У сьпісе Розы Турарбекавай «Наша справа» ў апошні момант адбыліся вымушаныя зьмены. Пасьля зьняцьця са сьпісу дзьвюх жанчын кіраўніца аб'яднаньня мусіла выкрэсьліць са сьпісу і двух паплечнікаў-мужчын, каб адпавядаць гендарным квотам, уведзеным на выбары. Сам сьпіс раскрытыкаваў факт гендарных квотаў.
Форум