Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На выбары ў Каардынацыйную раду падалі 13 выбарчых сьпісаў


Каардынацыйная рада
Каардынацыйная рада

Агулам у сьпісах 280 чалавек.

Выбарчая камісія зараз займаецца спраўджаньнем інфармацыі, пададзенай у 13 выбарчых сьпісах, паведаміла Каардынацыйная рада.

Сьпісы:
1. «Салідарнасьць» (лідэр сьпісу — Георгі Дзьмітрук) — 21 чалавек.
2. «Закон і правапарадак» (Аляксандар Азараў) — 20 чалавек.
3. «Незалежныя беларусы» (Максім Шабуцкі) — 17 чалавек.
4. «Краіна для жыцьця» (Віталь Савюк) — 17 чалавек.
5. Каманда Латушкі і рух «За свабоду» (Павал Латушка) — 47 чалавек.
6. Блёк Пракоп’ева — Ягорава (Вадзім Пракоп’еў) — 35 чалавек.
7. «Эўрапейскі выбар» (Аляксандар Дабравольскі) — 37 чалавек.
8. «Воля» (Вадзім Кабанчук) — 21 чалавек.
9. «Наша справа» (Роза Турарбекава) — 14 чалавек.
10. «За годнасьць беларусак» (Яраслаў Грыгор’еў) — 10 чалавек.
11. «Моладзевы наступ» (Лізавета Пракопчык) — 15 чалавек.
12. «Голас дыяспар — Адзінства па-над межамі» (Надзея Нортан) — 13 чалавек.
13. «Хопіць баяцца» (Тацяна Мартынава) — 14 чалавек.

Раней Агульнае пасяджэньне Каардынацыйнай рады зацьвердзіла склад выбарчай камісіі. У яе ўвайшлі пяць чалавек, яны ня могуць быць кандыдатамі на выбарах.

У складзе камісіі Андрэй Атаманчук, Дзьмітры Лазавік, Альвіна Мінгазава, Яраслаў Бекіш і Алена Прыходзька.

Выбары ў КР пачнуцца 25 траўня і працягнуцца да канца дня 27 траўня. Будуць выбраныя 80 дэлегатаў, тэрмін паўнамоцтваў — 2 гады.

З 25 красавіка па 25 траўня — пэрыяд агітацыі.

Тэхнічна забясьпечваць працэс галасаваньня будзе каманда ІТ-плятформы «Новая Беларусь». Прагаласаваць на выбарах змогуць грамадзяне Беларусі як унутры краіны (пры мінімальным выкананьні патрабаваньняў бясьпекі, якія будуць пазначаныя распрацоўнікамі), так і за яе межамі.

2 красавіка Аб’яднаны пераходны кабінэт і Офіс дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай распаўсюдзілі сумесную заяву, у якой сьцьвярджалася, што анансаваныя выбары ў КР «не падрыхтаваныя».

Пазьней у той жа дзень на прэсавай канфэрэнцыі сьпікер КР Андрэй Ягораў не пагадзіўся з гэтай пазыцыяй, заявіўшы, што выбарчая сыстэма была ўзгодненая з кабінэтам і офісам Ціханоўскай.

Вечарам 2 красавіка прэс-служба Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) паведаміла, што «лідэрскі склад трох суб’ектаў» дэмакратычных сілаў правёў «грунтоўныя перамовы», па выніках якіх «дасягнутыя пэўныя дамоўленасьці, рэалізацыя якіх павінна пазытыўна паўплываць на сытуацыю вакол выбараў у КР». З заявы вынікае, што бакамі ў перамовах выступілі КР, АПК і офіс Ціханоўскай.

Адзначаецца, што «дамоўленасьці будуць выкананыя дзейным кіраўніцтвам КР», у сувязі з гэтым кабінэт і офіс прынялі рашэньне прыпыніць камунікацыю з СМІ ў пытаньнях выбараў.

Што такое Каардынацыйная рада

  • Каардынацыйная рада створаная ў Менску ўлетку 2020 году. Арганізацыя паставіла сабе за мэты «пераадоленьне палітычнага крызісу ў Беларусі» і «абарону сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны».
  • Частка кіраўнікоў і заснавальнікаў КР, як Марыя Калесьнікава, Максім Знак і іншыя, апынуліся за кратамі. Частка арганізатараў і ўдзельнікаў выехалі за мяжу, некаторыя спынілі палітычную дзейнасьць.
  • 9 жніўня 2022 году адбылася рэарганізацыя Рады. Асноўнай яе задачай стала распрацоўка «праграмных і стратэгічных дакумэнтаў, арганізацыя абмеркаваньня грамадзка значных пытаньняў, міжнароднае супрацоўніцтва, а таксама падрыхтоўка і абмеркаваньне канцэпцыяў разьвіцьця Беларусі»
  • На пачатку лютага 2023 году апублікаваны склад «рэфармаванай» Каардынацыйнай рады. Сярод іншага, да яе далучыліся грамадзкая дзяячка Сьвятлана Мацкевіч, бізнэсовец Аляксандар Кныровіч, лідэрка ініцыятывы «Честные люди» Алена Жываглод, прадстаўнікі Офісу адукацыі для «новай Беларусі», Free Belarus Center, ZUBR, BEROC, «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў» і іншых арганізацыяў.
  • ІІ скліканьне гэтай палітычнай структуры (9 лютага 2023) складаецца з 25 чальцоў асноўнага складу КР І скліканьня (19 жніўня 2020), 15 самавылучэнцаў, а таксама 75 дэлегатаў ад арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў (па 15 ад пяці тэматычных сэктараў — «палітычныя арганізацыі», «правы чалавека, моладзь і экалёгія», «адукацыя, культура і мэдыя», «мясцовыя супольнасьці, прафсаюзы і бізнэс», «дыяспары»).
  • Тэрмін паўнамоцтваў ІІ скліканьня Рады — адзін год з дня правядзеньня першага ўстаноўчага сходу (8 лютага 2023 году) пасьля фармаваньня поўнага складу.
  • Дэлегатаў трэцяга і наступных скліканьняў будуць выбіраць грамадзяне Беларусі «на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага і тайнага галасаваньня». У склад Рады трэцяга скліканьня будзе абрана 80 дэлегатаў, тэрмін паўнамоцтваў — 2 гады. Тэхнічна забясьпечваць працэс галасаваньня мае каманда ІТ-плятформы «Новая Беларусь».
  • Улады Беларусі прызналі КР «экстрэмісцкім фармаваньнем».
  • 28 лістапада 2023 у Беларусі прайшлі ператрусы ў сяброў арганізацыі і людзей, якіх сілавікі падазраюць у датычнасьці да КР. Старшыня КР Андрэй Ягораў заявіў, што дзеяньні рэжыму яскрава дэманструюць важнасьць для беларусаў маючых адбыцца выбараў у Раду.
  • З 25 па 27 траўня адбыліся выбары ў ІІІ скліканьне Каардынацыйнай рады. Яны праходзілі онлайн з дапамогай праграмы шыфраваньня зьвестак.
  • Напярэдадні выбараў за рассылку падпісантам чат-боту «Перамога» з гонкі зьнялі сьпіс «Закон правапарадак» на чале з Аляксандрам Азаравым. Скандал пачаўся ня толькі праз падобны сродак агітацыі, але і праз тое, што апавяшэньні прыходзілі людзям, якія даўно заблякавалі або выдалілі бот, што магло падставіць людзей, якія жывуць у Беларусі.
  • У сьпісе Розы Турарбекавай «Наша справа» ў апошні момант адбыліся вымушаныя зьмены. Пасьля зьняцьця са сьпісу дзьвюх жанчын кіраўніца аб'яднаньня мусіла выкрэсьліць са сьпісу і двух паплечнікаў-мужчын, каб адпавядаць гендарным квотам, уведзеным на выбары. Сам сьпіс раскрытыкаваў факт гендарных квотаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG