Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар абароны Літвы сказаў, што краіна разглядае варыянт абмежаваньня дапамогі ўкраінцам прызыўнога ўзросту


Лаўрынас Кашчунас
Лаўрынас Кашчунас

Урады Літвы і Польшчы задумаліся аб дапамозе афіцыйнаму Кіеву ў вяртаньні ўкраінскіх маладых людзей, якія ўхіляюцца ад удзелу ў вайне.

Міністар абароны Літвы Лаўрынас Кашчунас дапусьціў магчымасьць дапамогі Ўкраіне ў справе вяртаньня мужчын прызыўнога ўзросту, паведамляе Delfi. Кашчунас прызнаў, што Вільні трэба падумаць, як дапамагчы Ўкраіне вярнуць мужчын прызыўнога ўзросту, якія зьехалі за мяжу.

Пры гэтым ён адзначыў, што Літва пакуль не разглядае канкрэтныя захады для гэтага і сочыць за тым, якія рашэньні прыме Польшча.

«Вядома, ніхто іх зьбіраць і везьці ва Ўкраіну ня будзе. Але абмежаваньне сацыяльных выплат, дазволаў на працу, дакумэнтаў — гэта варыянты, якія я чую і з польскага боку. Так што пачакаем, паглядзім, які варыянт яны прапануюць, магчыма, гэта падыдзе і Літве», — сказаў міністар.

Чыноўнік дадаў, што пакуль цяжка ацаніць дакладную колькасьць украінцаў прызыўнога ўзросту, якія знаходзяцца ў Літве.

23 красавіка ўрад Украіны апублікаваў правілы, паводле якіх пашпарты для мужчын прызыўнога ўзросту могуць афармляцца толькі ў межах дзяржавы, а не ў замежных дыпляматычных установах. У выніку мужчыны ва ўзросьце ад 18 да 60 гадоў, якія пражываюць за мяжой, ня змогуць там ні атрымаць новы пашпарт, ні падоўжыць тэрмін яго дзеяньня.

24 красавіка гэта прывяло да блякаваньня аднаго зь міграцыйных пунктаў у Варшаве. Маладыя ўкраінцы патрабавалі выдачы дакумэнтаў, блякуючы прасоўваньне чаргі.

Напярэдадні пра імаверную дапамогу ў вяртаньні ўкраінцаў прызыўнога ўзросту, каб яны «выканалі свой грамадзянскі абавязак», заявіў міністар абароны Польшчы Ўладзіслаў Касіняк-Камыш.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG