Сьледчыя ўпраўленьні Службы бясьпекі Ўкраіны ў Валынскай вобласьці раскрылі дзейнасьць арганізаванай групы, у якую ўваходзілі грамадзяне Беларусі і Ўкраіны, што займаліся незаконным перамяшчэньнем празь беларуска-ўкраінскую мяжу беларускіх угнаеньняў, лекаў і тытунёвых вырабаў.
Згодна з матэрыяламі справы, калідор дзейнічаў як мінімум з кастрычніка 2023 году ў раёне населеных пунктаў Гута Ратнаўскага раёну і Мельнікі Шацкага раёну Валынскай вобласьці.
Найбліжэйшая да Гуты беларуская вёска Перавое Маларыцкага раёну Берасьцейскай вобласьці знаходзіцца на адлегласьці ня больш за 5 кілямэтраў, але дарогі наўпрост паміж імі няма.
Беларускія вёскі Перавісь і Дрочава Маларыцкага раёну знаходзяцца бліжэй да ўкраінскіх Мельнікаў, але паміж імі ўвогуле непраходная тэрыторыя — лясы і балоты.
Паводле сьледзтва, кантрабандысты стала вялі назіраньне за апэратыўнай абстаноўкай на беларуска-ўкраінскай мяжы і для пасьпяховага перамяшчэньня тавараў зь Беларусі перадавалі інфармацыю аб разьмяшчэньні асабовага складу і вайсковай тэхнікі памежнікаў, наяўнасьці і адсутнасьці інжынэрных загарод на асобных участках мяжы і аб графіку патруляваньня пры дапамозе бесьпілётнікаў.
Падазраваных у кантрабандзе ўкраінцаў злавілі ў часе рэалізацыі 500 кіляграмаў беларускіх мінэральных угнаеньняў жыхару паселішча Ратна ў Валынскай вобласьці. Як адзначаецца ў судовым рашэньні, у складзе ўгнаеньняў могуць быць «моцныя атрутныя рэчывы».
Справу расьсьледуюць паводле прыкметаў злачынстваў, вызначаных ч. 1 артыкулу 114-1 і ч. 1 артыкулу 201 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны: «Перашкаджэньне законнай дзейнасьці Ўзброеных сіл Украіны і іншых вайсковых фармаваньняў у асаблівы пэрыяд» (караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 5 да 8 гадоў) і «Кантрабанда атрутных рэчываў» (караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў).
Форум