Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад абстрэлы зь Беларусі ў пачатку вайны трапіла ўкраінская кампанія, зьвязаная з блізкім да Лукашэнкі алігархам. Што вядома


Мазырскі НПЗ. Ілюстрацыйнае фота
Мазырскі НПЗ. Ілюстрацыйнае фота

Кампанія мае падатковую запазычанасьць за замежныя кантракты аб пастаўках нафтапрадуктаў зь Беларусі.

Украінская кампанія «УкрПетроліумГруп», якая да вайны зарабляла звышпрыбыткі на гандлі ва Ўкраіне нафтапрадуктамі Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу, юрыдычна «пераехала» з Жытомірскай у Хмяльніцкую вобласьць і цяпер праз суд спрабуе скасаваць падатковае паведамленьне за пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў, якія ажыцьцяўляліся да вайны ў 2021 і 2022 гадах.

У сваім пазове кампанія паведаміла, што ў выніку ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны, 9 сакавіка 2022 году былі зьнішчаныя офісы ў Корасьцені Жытомірскай вобласьці, дзе да вайны базавалася кампанія, а разам зь імі і некаторыя дакумэнты, на падставе якіх налічваліся падаткі.

Юрысты кампаніі зьвянулі ўвагу на тое, што пастаўшчык паліва — славацкая DREKUP s.r.o — ня выканала падпісаныя кантракты і не разьлічылася з украінскай «УкрПетроліумГруп».

Аднак суд пацьвердзіў рашэньне Заходняга міжрэгіянальнага ўпраўленьня Дзяржаўнай падатковай службы Ўкраіны аб спагнаньні штрафу ў памеры 34,6 мільёна грыўняў (прыблізна 900 тысяч даляраў у эквіваленце. — РС) за парушэньне тэрмінаў разьлікаў па выніках замежнагандлёвай дзейнасьці.

Што вядома пра маштабы абстрэлу і стратаў

9 сакавіка 2022 году стратэгічная авіяцыя Расеі паднялася ў паветра зь беларускіх ваенных аэрадромаў і абстраляла Жытомірскую вобласьць. У выніку таго абстрэлу загінулі і два грамадзяніны Беларусі, кіроўцы грузавых аўтамабіляў, якія знаходзіліся на ўкраінскай тэрыторыі.

«Вынікі абстрэлу з самалётаў вы можаце пабачыць: фактычна зруйнаваныя ўсе памяшканьні, ёсьць загінулы, два чалавекі ў лякарні зь вельмі значнымі апёкамі, якія несумяшчальныя з жыцьцём, таму фактычна трое загінулых. Два зь іх — беларусы, якія на машынах стаялі тут, папрасіліся на пэрыяд, пакуль будуць выяжджаць. І яны ня ведалі, што якраз зь беларускіх аэрадромаў вылецяць расейскія самалёты і будуць бамбіць горад Корасьцень», — заявіў тады мэр горада Ўладзімір Маскаленка.

Аднак кампанія ні тады, ні цяпер не заявіла аб агульных памерах шкоды. Аб ёй паведамілі толькі кампаніі, якія, паводле жытомірскіх СМІ, былі зь зьвязаныя з «УкрПетроліумГруп» і кантраляваліся аднымі бізнэсоўцамі (усе займаліся продажам беларускага паліва і знаходзіліся таксама ў тых жа зьнішчаных расейскімі ракетамі офісах. — РС).

Напрыклад, прыватнае прадпрыемства «Укрпалетсистем» у часе складаньня акту аб пажары ў выніку абстрэлу заявіла аб 82,5 мільёна грыўняў страт (амаль 2,2 мільёна даляраў у эквіваленце) і ТАА UPG — аб 118,7 тысячы грыўняў (3 тысячы даляраў), а «УкрПетроліумГруп», як адзначалася ў паведамленьні выратавальнікаў, — 0 грыўняў.

Але, у адрозьненьне ад іншых украінскіх кампаній, якія спрабуюць праз суд вызначыць памеры шкоды ў выніку агрэсіі Расеі і абстрэлаў расейскіх войскаў, усе пералічаныя кампаніі не зьвярталіся ва ўкраінскія суды з пазовамі супраць Расеі або яе амбасадаў за нанесеную шкоду.

Хто кантраляваў кампаніі

Розныя ўкраінскія СМІ паведамлялі, што кампаніі «Укрпалетсистем», «УкрПетроліумГруп» і «UPG» кантралююць украінскія бізнэсоўцы Аляксей Касенка, Фёдар Васькоўскі і Ўладзімір Пятрэнка. беларускае палівае гэтыя кампаніі прадавалі праз сетку АЗС UPG.

У пачатку студзеня 2023 году ўкраінскае выданьне «Обозреватель» паведаміла, што беларускі бізнэсовец Мікалай Варабей, нягледзячы на ўведзеныя ўладамі Ўкраіны санкцыі супраць яго, па-ранейшаму кантралюе кампанію, якая займаецца рэалізацыяй нафтапрадуктаў ва Ўкраіне. Па зьвестках выданьня, гэтая ўкраінская кампанія працуе за межамі Ўкраіны. Журналісты сьцьвярджалі, у прыватнасьці, што сетка АЗС UPG, якая «дэ-факта належыць беларускаму алігарху Мікалаю Вараб’ю і сыну дыктатара Аляксандра Лукашэнкі Віктару» выйшла на польскі рынак.

«Кампанія афіцыйна пазыцыянуе сябе як украінская, але, паводле нашых зьвестак, „рэбрэндынг“ зрабілі толькі для таго, каб абыходзіць санкцыі Эўразьвязу дзякуючы падстаўным асобам», — адзначалася ў артыкуле ўкраінскага выданьня.

Паводле ўкраінскіх журналістаў, Іна Яцэнка, якая працавала з 2020 году фінансавым дырэктарам UPG, ачоліла праўленьне польскага прадпрыемства Baltchem SA Zakłady Chemiczn, а ўласьніца Вікторыя Пятрэнка ўвайшла ў склад рады яго дырэктараў.

Мільённыя прыбыткі ў мінулым

У дзелавых выданьнях кампанія «УкрПетроліумГруп» пазыцыянавала сябе як «прамога імпартэра якасных нафтапрадуктаў Мазырскага НПЗ».

Кампанія мела тры базы ў Жытомірскай вобласьці — у Жытоміры, Няміраве і Корасьцені Жытомірскай вобласьці — і абяцала індывідуальныя ўмовы для сталых кліентаў і рэалізатараў.

Але нюанс быў у тым, што кампанія набывала нафтапрадукты не наўпрост у Мазырскага НПЗ, а праз славацкую кампанію DREKUP s.r.o. Украінскія журналісты высьветлілі, што гэтае прадпрыемства зьяўляецца фіктыўным, а паліва, якое набывалася ў Беларусі, не даходзіла да краіны паходжаньня кампаніі DREKUP s.r.o і рэалізоўвалася на тэрыторыі Ўкраіны праз «Укрпалетсистем», «УкрПетроліумГруп» і UPG.

Імаверна таксама, што «УкрПетроліумГруп» працягвала пастаўляць ва Ўкраіну беларускае паліва як мінімум да чэрвеня 2022 году. Па выніках пазаплянавай праверкі Заходняе міжрэгіянальнае ўпраўленьне Дзяржаўнай падатковай службы па працы зь вялікімі падаткаплатнікамі адзначыла, што кампанія DREKUP s.r.o. ня выканала кантракту ў пэрыяд з 1 чэрвеня да 27 верасьня 2022 году на агульную суму 4,7 мільёна эўра.

Згодна са справаздачамі, якія ёсьць у адкрытым доступе, даход кампаніі «УкрПетроліумГруп» у 2021 годзе склаў 2,3 мільярда грыўняў (61 мільён даляраў у эквіваленце. — РС), у 2022-ім — 447,5 мільёна грыўняў (11,7 мільёна даляраў), а ў 2023 — 73,4 мільёна грыўняў (амаль 2 мільёны даляраў у эквіваленце). Але чысты прыбытак скараціўся з 60 мільёнаў грыўняў (1,6 мільёна даляраў) у 2021 годзе да мінус 50 мільёнаў грыўняў у 2022-м і да мінус 3,9 мільёна грыўняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG