«Няма ніякіх плянаў у разьмяшчэньні большай колькасьці ядзернага ўзбраеньня дадаткова ў якіх-небудзь краінах NATO», — заявіў Енс Столтэнбэрг падчас сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі Рышы Сунакам.
Столтэнбэрг разам з Сунакам наведалі месца дысьлякацыі ў Польшчы брытанскіх вайскоўцаў.
Кіраўнік брытанскага ўраду Рышы Сунак заявіў, сярод іншага, што Лёндан плянуе павялічыць выдаткі на абарону да 2,5% ВУП, што нават пераўзыходзіць заяўленую кіраўніцтвам NATO мэту ў выдатках на абарону для дзяржаваў – сяброў заходняга вайсковага блёку, піша Reuters. Яшчэ да паездкі Рышы Сунака ў Польшчу брытанскі кабінэт міністраў абʼявіў пра найбуйнейшы на сёньняшні дзень для краіны пакет дапамогі Ўкраіне ў памеры 500 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў (каля $617 млн).
- Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда раней на гэтым тыдні, неўзабаве пасьля паездкі ў Нью-Ёрк, заявіў, што Варшава адкрытая да разьмяшчэньня на польскай тэрыторыі ядзернай зброі саюзьнікаў па NATO. «Калі нашы саюзьнікі вырашаць разьмясьціць ядзерную зброю ў рамках сумеснага выкарыстаньня ядзернай зброі таксама і на нашай тэрыторыі дзеля ўмацаваньня бясьпекі ўсходняга флянгу NATO, мы да гэтага гатовыя», — сказаў Дуда.
- У Крамлі, камэнтуючы словы польскага прэзыдэнта, заявілі, што расейскія вайскоўцы прымуць неабходныя меры ў адказ у выпадку разьмяшчэньня ў Польшчы амэрыканскай ядзернай зброі. «Вайскоўцы, зразумела, будуць аналізаваць сытуацыю ў выпадку рэалізацыі такіх плянаў і ў любым выпадку будуць рабіць усё неабходнае, каб гарантаваць нашу бясьпеку», — сказаў журналістам прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў.
- Летась Расея разьмясьціла тактычныя ядзерныя ракеты ў Беларусі на фоне крайняй напружанасьці ў адносінах з NATO з прычыны поўнамаштабнага ўварваньня расейскага войска ва Ўкраіну. Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін патлумачыў гэтае рашэньне адпаведнымі просьбамі Аляксандра Лукашэнкі, а таксама разьмяшчэньнем ЗША ядзернай зброі на тэрыторыі эўрапейскіх краін. У МЗС Расеі заяўлялі, што ядзерная зброя будзе знаходзіцца ў Беларусі на бестэрміновай аснове.