Са сьпікерам парлямэнту Славеніі Уршкай Клакачар-Зупанчыч Ціханоўская абмеркавала групу сяброў Беларусі, падтрымку Люблянай беларускай тэмы ў Радзе Бясьпекі ААН, удзел у кампаніі «сымбалічных хросных» для палітвязьняў.
Са сьпікерам Сэйму Польшчы Шыманам Галоўнем Ціханоўская абмеркавала сытуацыю з палітвязьняволеным журналістам Анджэем Пачобутам, папрасіла яго павялічыць падтрымку незалежных беларускіх СМІ і грамадзянскай супольнасьці.
На перамовах са сьпікерам парлямэнту Вугоршчыны Ласла Кёвэрам Ціханоўская выказала пажаданьне, каб Будапэшт заняў «больш жорсткую пазыцыю ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі і прытрымліваўся агульнаэўрапейскай лініі» і прапанавала Вугоршчыне падтрымліваць кантакты з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
Са сьпікерам ніжняй палаты парлямэнту Італіі Лярэнца Фантана Ціханоўская абмеркавала міжпарлямэнцкую сустрэчу груп «За дэмакратычную Беларусь», якая пройдзе ўвосень, а таксама падтрымку Рымам Беларусі і Ўкраіны. У італьянскім парлямэнце, нагадаў Вячорка, самая вялікая група «сяброў Беларусі», у яе ўваходзяць 64 дэпутаты.
Старшыня Бундэсрату Мануэля Швэзыг і Ціханоўская абмеркавалі гуманітарную дапамогу для рэпрэсаваных беларусаў і супрацоўніцтва дэмакратычных сілаў з рэгіянальнымі нямецкімі ўладамі.
Ціханоўская падзякавала сьпікеру парлямэнту Эстоніі Лаўры Хусар за рашэньне дэпутатаў гэтай краіны ня ўводзіць абмежаваньні ў дачыненьні да беларусаў.
Сьпікеру Сейму Літвы Вікторыю Чміліце-Нільсэн Ціханоўская падзякавала за згадку Беларусі ў яе прамове на саміце і папрасіла яе ня ўводзіць абмежаваньні ў дачыненьні да паездак на радзіму беларусаў зь літоўскім ДНЖ.
З кіраўніцай ніжняй палаты парлямэнту Гішпаніі Франсінай Армэнгол Ціханоўская, паводле Вячоркі, дамовілася аб стварэньні ў новым складзе гішпанскага парлямэнту «групы сяброў Беларусі». Сьпікер парлямэнту, паведаміў Вячорка, выказала гатоўнасьць падтрымліваць беларускае пытаньне на парадку дня.
Таксама Ціханоўская правяла сустрэчу з кіраўніцай парлямэнту Рэспублікі Кіпр Анітай Дымітрыу, якой падзякавала за згадваньне Беларусі і санкцыяў у прамове на саміце.
Сьпікер парлямэнту Армэніі Ален Сіманьян і старшыня парлямэнту Малдовы Ігар Гросу падзякавалі Ціханоўскай за тое, што ў сваім выступе яна заклікала надаць дапамогу ня толькі Беларусі і Ўкраіне, але і Армэніі з Малдовай, якія імкнуцца да эўрапейскай будучыні.
- Беларуская лідэрка знаходзіцца з працоўным візытам на Мальёрцы (Гішпанія). 22 красавіка яна выступіла на Саміце сьпікераў парлямэнтаў краін ЭЗ. У прамове Сьвятлана Ціханоўская заклікала ўдзельнікаў падтрымаць эўрапейскую перспэктыву для Беларусі і падкрэсьліла: беларусы ня хочуць быць часткай «русского мира». На саміце Ціханоўская прысутнічала ў статусе адмысловага госьця нароўні з каралём Гішпаніі.
- Раней, на сустрэчы міністраў G7 18 красавіка дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская прыцягнула ўвагу вядучых палітыкаў сьвету — Энтані Блінкена, Анналены Бэрбак, Дэйвіда Кэмэрана, Стэфана Сэжурнэ — да гуманітарнага крызісу ў Беларусі і пагрозы яе акупацыі Расеяй. Беларусь упершыню была прадстаўленая на саміце «Вялікай сямёркі».
- На такія саміты рэдка запрашаюць прадстаўнікоў краін, якія не ўваходзяць у гэтыя аб’яднаньні.