Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У літоўскім парлямэнце не падтрымалі абмежаваньня паездак у Беларусь для беларусаў з ДНЖ


Пасяджэньне ў Сейме Літвы. Афіцыйнае фота
Пасяджэньне ў Сейме Літвы. Афіцыйнае фота

Дэпутаты рэглямэнтавалі працэдуру ануляваньня дазволаў на пражываньне ў Літве для грамадзян Беларусі і Расеі.

Сейм Літвы не падтрымаў ініцыятывы дэпутатаў абмежаваць для грамадзян Беларусі, якія маюць дазвол на жыхарства ў Літве, паездкі ў Беларусь.

Як адзначаецца ў законапраекце аб абмежавальных захадах датычна грамадзян Беларусі і Расеі за ваенную агрэсію супраць Украіны, які 23 красавіка абмеркавалі ў парлямэнце, дэпутаты прапанавалі ануляваць дазволы на жыхарства ў Літве ў выпадку, калі беларус ці расеец наведвае краіны свайго паходжаньня часьцей, чым адзін раз цягам трох каляндарных месцаў.

Гэтую прапанову падтрымаў 41 дэпутат, супраць яе прагаласавалі 37 і ўстрымаліся 39 дэпутатаў Сейму.

Закон пра абмежаваньні для грамадзян Беларусі і Расеі ўхвалілі ў 2023 годзе. Цяпер іх хочуць прадоўжыць да 2 траўня 2025 году і зрабіць больш жорсткімі. Галасаваньне па гэтым законапраекце мусіць прайсьці 25 красавіка.

Якія яшчэ абмежаваньні прапанавалі ў праекце закону

  • Грамадзяне Беларусі змогуць атрымліваць шэнгенскую візу ў замежных консульскіх установах Літвы ў выпадку, калі пасярэднікам у падачы дакумэнтаў на візу выступае Міністэрства замежных спраў Літвы.
  • Памежная служба ацэньвае рызыку пагрозы для дзяржаваў Шэнгенскага пагадненьня з боку грамадзяніна Беларусі, які ўяжджае на тэрыторыю Літвы, і прымае рашэньне аб дадатковай праверцы другой лініі. Гэтая норма ня будзе датычыцца членаў сямей грамадзян Літвы і краін Эўразьвязу, чальцоў экіпажаў і супрацоўнікаў кампаній па міжнародных грузапасажырскіх перавозках і маракоў, грамадзян, якія прыбываюць у Літву з гуманітарных прычынаў і зьяўляюцца сямейнікамі такіх асобаў, датычна грамадзян, якія карыстаюцца імунітэтам паводле Венскай канвэнцыі, або зьяўляюцца дыпляматычнымі або спэцыялізаванымі курʼерамі ці супрацоўнікамі МЗС Беларусі.
  • Грамадзяне Беларусі, як і грамадзяне Расеі, ня змогуць купляць нерухомасьць, калі ня маюць дазволу на часовае ці сталае жыхарства ў Літве.
  • Забараняецца ўвоз у Літву сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў, краінай паходжаньня якіх зьяўляецца Расея або Беларусь. Сьпісы сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў, забароненых да ўвозу, будзе зацьвярджаць урад.
  • Дазвол на часовае жыхарства, выдадзены грамадзяніну Расеі ці Беларусі, будуць ануляваць, калі яны выяжджалі ў Расею ці Беларусь больш за адзін раз цягам апошніх трох каляндарных месяцаў. Гэтая норма не датычыць грамадзян, якія працуюць у кампаніях грузавых і пасажырскіх перавозак, а таксама вымушаных выехаць зь незалежных ад іх прычынаў і маюць дакумэнт, які пацьвярджае такую прычыну.
  • Дазвол на часовае жыхарства, выдадзены грамадзяніну Расеі і Беларусі, будуць ануляваць, калі ён публічна падтрымаў акцыю, якую прызналі злачыннай агрэсіяй ААН ці міжнародныя суды.
  • Дазвол на часовае жыхарства, выдадзены грамадзяніну Расеі і Беларусі, будуць ануляваць у выпадках наўмыснага, публічнага і сыстэматычнага распаўсюду лжывай інфармацыі на шкоду інтарэсам грамадзтва і дзяржавы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG