Расказвае тэалягіня, прадстаўніца аб’яднаньня «Хрысьціянская візія» Натальля Васілевіч, якая дапамагае палітзьняволеным хрысьціянскім актывістам і сьвятарам.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
— Мы размаўляем зь людзьмі, якія сядзяць разам са зьняволенымі, якімі мы апякуемся, альбо чытаем лісты зьняволеных вернікаў. Расказваюць, наколькі гэта сьветлыя людзі, наколькі яны ўсім дапамагаюць, наколькі яны ва ўмовах, несумяшчальных з чалавечай годнасьцю, даюць іншым надзею сваім словам, дзеяньнем, поглядам, падтрымкай. Людзі, якія зьяўляюцца вернікамі, бачаць свой шлях нават унутры турмы не як нейкі канец, не як страчаныя гады, яны бачаць гэта часта ў кантэксьце свайго вечнага жыцьця, таго, што яны гэтым цяпер служаць Богу.
Зараз палітвязень Андрэй Дзьмітрыеў вызваліўся. Я ніколі ня памятала, каб Андрэй Дзьмітрыеў быў царкоўным чалавекам. Мяне моцна ўразіла, як ён расказваў, як хадзіў у храм падчас зьняволеньня. Многія людзі знаходзяць Бога ў турме, і Бог неяк адкрываецца людзям у зьняволеньні. Магчыма, гэта для таго, каб падтрымаць іх у гэтых складаных умовах. Бог вяртаецца часта для тых, хто перастаў верыць.
Не хачу называць імёны людзей, якія цяпер за кратамі, каб на іх не было дадатковага ціску ў сувязі зь іх верай. Але мы бачым, на што людзі ідуць дзеля сваёй веры. Напрыклад, Мікіта Емяльянаў колькі разоў дзеля таго, каб атрымаць прычасьце, пачынаў галадоўку, каб пусьцілі сьвятара да яго. Вера — асаблівая сфэра, і ў такіх складаных умовах яе актуальнасьць узрастае. Таму важна, каб ніяк не абмяжоўвалася права вязьняў на свабоду рэлігіі.
У нас ёсьць маніторынг абмежаваньня свабоды рэлігіі для людзей у зьняволеньні. Мы паспрабавалі сабраць усе публічныя сьведчаньні пра тое, як у людзей забіраюць важныя для іх прадметы, такія як крыжыкі, абразкі, ружанцы. Людзі расказвалі, што здымаюць крыжыкі, топчуцца па іх, каб закрануць самыя глыбокія пачуцьці. Расказваюць, што вельмі моцна зьбіваюць людзей, якія маюць рэлігійныя татуіроўкі. З рэлігійнай літаратурай вязьняў вельмі істотна абмяжоўваюць. Падпіску на выданьні немагчыма аформіць, зь візытамі сьвятароў складана. Палітвязьняў часта не дапускаюць у цэрквы. Ёсьць сьведчаньні з гомельскай жаночай калёніі, што палітычным зьняволеным забаранялася заходзіць у клюб і ў царкву.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.