Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьвязаныя з Расеяй хакеры заявілі пра датычнасьць да нападаў на энэргасыстэмы ў ЗША і ЭЗ


Хакеры, як мяркуецца, зьвязаныя з расейскай вайсковай выведкай, паведамілі пра датычнасьць да нападаў на сыстэмы водазабесьпячэньня ў ЗША і Польшчы і электрастанцыю ў Францыі.

Пра гэта піша часопіс Wired.

З пачатку году хакерская групоўка, якая называе сябе «Кібэрармія адраджэньня Расеі» выклала тры пацьверджаньні сваіх нападаў. У відэароліках, распавядае часопіс, дэманструюцца запісы экрану зь віртуальнымі пультамі кіраваньня атакаваных аб’ектаў. Доступ да такога пульта пацьвярджае пасьпяховае пранікненьне ў атакаваную сетку.

Сярод атакаваных сетак — водаканалы невялікіх мястэчкаў Абэрнаці і М'юлшу на поўначы Тэхасу, заяўляе хакерская група. На пачатку лютага мясцовая газэта The Plainview Herald паведамляла, што ўлады гэтых гарадоў пацьвердзілі напад на сваю інфраструктуру. Акрамя таго, пацярпела інфраструктура гораду Хэйл-Сёнтэр. Шкода ад атакі была нязначная — у горадзе М'юлшу перапоўніўся адзін з рэзэрвуараў з вадой.

Кібэрінцыдэнты ў Тэхасе дапамагаюць растлумачыць рэдкі публічны заклік дарадцы па нацыянальнай бясьпецы ЗША Джэйка Салівана, зь якім ён зьвярнуўся ў мінулым месяцы да ўладаў штатаў і органаў водазабесьпячэньня. Ён заклікаў іх умацаваць сваю кібэрабарону, зьвяртае ўвагу канал CNN.

У сакавіку хакеры апублікавалі відэа доступу да пульта кіраваньня электрастанцыяй у францускім Курлён-сюр-Ёна за сто кілямэтраў ад Парыжу. Ролік быў апублікаваны адразу пасьля заявы прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона пра гатоўнасьць адправіць францускіх вайскоўцаў ва Ўкраіну. Сьцьвярджалася, што ў выніку нападу быў паніжаны ўзровень вады і спынена выпрацоўка электраэнэргіі. Часопісу Wired не ўдалося пацьвердзіць або абвергнуць гэтыя заявы.

У студзені ўзломшчыкі паказалі запіс з экрану сабатажу на ачышчальных збудаваньнях у вёсцы Выдміны на паўночным усходзе Польшчы. На запісы хакеры перамыкаюць тумблеры на віртуальнай панэлі кіраваньня каналізацыяй пад саўндтрэк відэагульні Super Mario Bros. Такія пераключэньні не павінныя былі паўплываць на працу абʼекта, кажа экспэрт часопіса.

У сераду кампанія Mandiant, якая спэцыялізуецца на вывучэньні кібэрпагрозаў, апублікавала даклад, у якім «Кібэрармія адраджэньня Расеі» зьвязваецца з хакерскай групоўкай Sandworm. Кампанія адсачыла мноства выпадкаў, калі дадзеныя, выкрадзеныя зь сетак, атакаваных Sandworm, пасьля былі апублікаваныя «Кібэрарміяй». Экспэртам не ўдалося вызначыць, ці «Кібэрармія» — прыкрыцьцё для Sandworm, ці яна была створаная імі, а цяпер дзейнічае ад іх незалежна.

У сваю чаргу, Sandworm дасьледчыкі і ўлады многіх краін зьвязваюць з расейскай вайсковай выведкай ГРУ. Мяркуецца, што прынамсі частка хакерскай групы складаецца са службоўцаў адной з вайсковых частак расейскага войска. У Mandiant адзначаюць, што Sandworm ніколі не атакавалі наўпрост амэрыканскія сеткі, але «Кібэрармія адраджэньня Расеі» пераходзіць гэтую рысу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG