Паводле яго, вынікам стратэгічнай сустрэчы лідараў краін у Парыжы стала «стварэньне кааліцыі для нанясеньня ракетнага ўдару вялікай далёкасьці».
«Як вы ведаеце, Францыя паставіла некалькі ракет такой далёкасьці, таму і тут мы прынялі канкрэтныя рашэньні. Зараз у нас восем існуючых кааліцый, якія маюць адпаведныя магчымасьці. Мы таксама вырашылі надаць новы імпульс кааліцыі супрацьракетнай абароны, да стварэньня якой заклікаў прэзыдэнт Украіны, і сёньня вечарам (26 лютага. — Рэд.) стварыць дзявятую кааліцыю, кааліцыю для нанясеньня ўдараў далёкага, а значыць, і сярэдняга дзеяньня і буйнамаштабны ракетна-бомбавы палігон», — растлумачыў Макрон.
Паводле яго, «Францыя зьбіраецца мабілізаваць усіх ахвотных, усе дзяржавы, якія маюць магчымасьці, якія пачалі або гатовыя паставіць новае абсталяваньне».
«Гэтае пытаньне, — адзначыў Макрон, — надзвычай важнае для ўкраінцаў, якія маюць вялікую патрэбу менавіта ў такой зброі».
«Сёньня няма кансэнсусу наконт адпраўкі сухапутных войскаў, але выключаць нічога нельга. Мы зробім усё магчымае, каб Расея не змагла выйграць гэту вайну, — сказаў Макрон. — Мы перакананыя, што паражэньне Расеі неабходна для бясьпекі і стабільнасьці ў Эўропе».
Францыя, па словах прэзыдэнта краіны, таксама падтрымлівае прапанову прэм’ер-міністра Эстоніі аб мабілізацыі фінансаваньня — «эўрапейскія краіны павінны ўзяць на сябе даўгавыя абавязаньні і стварыць спэцыяльны фонд для «фінансаваньня сумесных вайсковых ініцыятыў у падтрымку Украіны».
Макрон таксама заявіў, што паводзіны Масквы становяцца ўсё больш і больш агрэсіўнымі, і падкрэсьліў, што Расея «не павінна выйграць вайну».
У канфэрэнцыі ў Парыжы прынялі ўдзел высокапастаўленыя чыноўнікі многіх эўрапейскіх краін, якія падтрымліваюць Кіеў, у тым ліку канцлер ФРГ Оляф Шольц і міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Дэвід Кэмеран. У саміце таксама ўдзельнічаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Паводле яго, на сустрэчы абмяркоўвалася «ўсё, што ўмацоўвае Эўропу, у тым ліку арсэналы, здольнасьць вырабляць зброю, пастаўкі для Украіны і бесьперапыннасьць падтрымкі».
Міністар абароны Рустэм Умераў 25 лютага на форуме «Украіна. 2024 год» заявіў, што цяпер палова падтрымкі, якую аказваюць Украіне заходнія краіны, не паступае своечасова, што прыводзіць да страт асабістага складу Узброеных сіл Украіны і яе тэрыторый.
Заявы прагучалі ў той час, калі ЗША ўжо некалькі месяцаў ня могуць прыняць канчатковага рашэньня аб выдзяленьні Ўкраіне дапамогі ў памеры 60 мільярдаў даляраў.