Каб Косава стала сябрам арганізацыі, фінальнае рашэньне павінен прыняць Камітэт міністраў Рады Эўропы дзьвюма трацінамі галасоў на паседжаньні, якое пройдзе 16-17 траўня.
ПАРЭ прызнае, што заяўка пададзеная ў «беспрэцэдэнтных абставінах», улічваючы, што шэраг чальцоў Рады Эўропы не прызнаюць Косава як дзяржаву, і заклікала да «дыпляматыі, дыялёгу і кампрамісу». Камітэту міністраў Рады Эўропы было прапанавана забясьпечыць, каб сяброўства Косава ў арганізацыі «не наносіла шкоды поглядам асобных дзяржаў-чальцоў адносна дзяржаўнасьці Косава».
Сяброўства ў радзе, якое было мэтай Прыштыны з моманту абвяшчэньня незалежнасьці ад Сэрбіі ў 2008 годзе, азначала б, сярод іншага, што справы касавараў маглі б разглядацца ў Эўрапейскім судзе правоў чалавека (ЭСПЧ) у Страсбургу.
Афіцыйны Бялград ніколі не прызнаваў дэклярацыі аб незалежнасьці Косава і актыўна працаваў над тым, каб не дапусьціць уступленьня краіны ў якія заўгодна міжнародныя арганізацыі.
Цяпер 12 з 46 краінаў-сябраў Рады Эўропы ня лічаць Косава незалежнай дзяржавай. Гэта Сэрбія, Босьнія і Герцагавіна, пяць краін ЭЗ (Кіпр, Грэцыя, Румынія, Славаччына і Гішпанія), а таксама Армэнія, Азэрбайджан, Грузія, Малдова і Ўкраіна. Аднак прадстаўнікі краін могуць не галасаваць у адпаведнасьці з заяўленымі палітычнымі поглядамі сваіх сталіц на Косава.
А што зь Беларусьсю
Беларусь у 1993 годзе падала заяўку на далучэньне да Рады Эўропы, і Вярхоўны Савет Беларусі ў 1992 годзе атрымаў статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ, які страціў пасьля канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году.
Беларусь так і не ратыфікавала Канвэнцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў Рады Эўропы, аднак Беларусь фармальна дагэтуль зьяўляецца кандыдатам на ўступленьне, а Рада Эўропы робіць шэраг захадаў для наладжваньня супрацоўніцтва зь Беларусьсю. На цяперашнюю сэсію ПАРЭ запрошаныя тры прадстаўнікі апазыцыйных партый і рухаў Беларусі.
Што такое ПАРЭ і Рада Эўропы
- Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) — адзін з двух галоўных статутных органаў Рады Эўропы: кансультацыйны орган, які складаецца з прадстаўнікоў парлямэнтаў усіх дзяржаў-сяброў.
- ПАРЭ — найстарэйшы ў Эўропе орган міжпарлямэнцкага супрацоўніцтва, ён заснаваны 5 траўня 1949 году. Асамблея прымае рэзалюцыі і рэкамэндацыі на падставе дакладаў, якія рыхтуюцца дэпутатамі.
- Місія Рады Эўропы — адстойваць правы чалавека і падзел галінаў уладаў, спыніць сьмяротнае пакараньне на ўсім кантынэнце.
- Вярхоўны Савет Беларусі ў 1990 гадах меў статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ, але пасьля рэфэрэндуму 1996 году гэты статус быў страчаны.
- Расея пасьля поўнамаштабнага нападу на Ўкраіну ў 2022 годзе сама выйшла з Рады Эўропы.