Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Радзе Эўропы прызначылі галасаваньне аб уступленьні Косава. Сэрбія па-ранейшаму супраць


Сьцягі краін – сяброў Рады Эўропы
Сьцягі краін – сяброў Рады Эўропы

Дэлегаты Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы выставілі на галасаваньне пытаньне сяброўства Косава ў арганізацыі. Галасаваньне адбудзецца а 21:00 менскага часу.

Ці знаходзіцца Прыштына на парозе сяброўства ў Радзе Эўропы? Адказ на гэтае пытаньне паспрабаваў знайсьці журналіст Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.

Косава робіць яшчэ адзін крок бліжэй да ўступленьня ў Раду Эўропы, органу, які спрыяе захаваньню правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства закону ў сваіх дзяржавах-сябрах. 16 красавіка Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) разгледзіць і прагаласуе за справаздачу з рэкамэндацыямі на ўступленьне часткова прызнанай краіны ў склад арганізацыі.

Калі большасьць у дзьве траціны дэлегатаў асамблеі з 46 краін прагаласуе «за», гэта можа стварыць аснову для канчатковага рашэньня на сустрэчы міністраў замежных спраў Рады Эўропы, прызначанай на 16 траўня.

Сяброўства ў радзе, якое было мэтай Прыштыны з моманту абвяшчэньня незалежнасьці ад Сэрбіі ў 2008 годзе, азначала б, сярод іншага, што справы касавараў маглі б разглядацца ў Эўрапейскім судзе правоў чалавека (ЭСПЧ) у Страсбургу.

Таксама ў такім выпадку Косава далучыцца да Эўрапейскага вяшчальнага зьвязу (EBU), што дазволіць яму прыняць удзел у штогадовым конкурсе песьні «Эўравізія».

Галасаваньне прызначанае на 21-ю гадзіну паводле менскага часу.

Афіцыйны Бялград ніколі не прызнаваў дэклярацыі аб незалежнасьці Косава і актыўна працаваў над тым, каб не дапусьціць уступленьня краіны ў якія заўгодна міжнародныя арганізацыі.

Цалкам верагодна, піша Юзьвяк, што большасьць у дзьве траціны Косавам будзе дасягнута. Справаздачу ў гэтым пытаньні зацьвердзілі 27 сакавіка на паседжаньні Камітэту ў палітычных пытаньнях і дэмакратыі ПАРЭ. Там гаворыцца, што «імкненьне Косава далучыцца да Рады Эўропы павінна быць сустрэта станоўчым адказам». Пленум, як правіла, выконвае рашэньні камітэтаў.

У цяперашні час 12 з 46 краінаў-сябраў Рады Эўропы ня лічаць Косава незалежнай дзяржавай — за выключэньнем блякавальнай меншасьці. Гэта ўключае ў сябе Сэрбію і Босьнію і Герцагавіну, пяць краін ЭЗ (Кіпр, Грэцыя, Румынія, Славаччына і Гішпанія), а таксама Армэнія, Азэрбайджан, Грузія і Малдова. Украіна таксама не прызнае незалежнасьць Косава.

Аднак прадстаўнікі краін могуць не галасаваць у адпаведнасьці з заяўленымі палітычнымі поглядамі сваіх сталіц на Косава. Напрыклад, украінскія прадстаўнікі будуць мець «свабоду голасу», і можа быць, што іншыя краіны пасьледуюць іхнаму прыкладу. Дэпутаты ПАРЭ ад кіроўнай у Вугоршчыне партыі Фідэш, хутчэй за ўсё, прагаласуюць супраць гэтага рашэньня, нягледзячы на прызнаньне Вугоршчынай дзяржаўнасьці Косава, што зьяўляецца адлюстраваньнем нарошчваньня сувязяў Будапэшту з Сэрбіяй.

Верагодна, таксама будзе даволі шмат прадстаўнікоў, якія захочуць устрымацца, што будзе на карысьць Прыштыны. Паказальна, што аўтар дакладу Дора Бакаяніс — былая міністарка замежных справаў Грэцыі і сястра цяперашняга прэм’ер-міністра Грэцыі Кірыякаса Міцатакіса. Ня выключана, што, нягледзячы на фармальную пазыцыю Атэнаў аб непрызнаньні Косава незалежнай дзяржавай, грэцкая дэлегацыя падтрымае сяброўства Прыштыны.

За дзень да галасаваньня ў Страсбургу прайшлі шматлікія кансультацыі, каб даведацца настроі прадстаўнікоў розных краін, піша Балканская служба Свабоды. Адбылася сустрэча дэлегацый палітычных партыяў, у той час як дэлегацыі Сэрбіі і Косава прыкладалі апошнія намаганьні, каб пераканаць дэпутатаў як мага большай колькасьцю прагаласаваць за іх бок — у выпадку Косава, ухваліць сяброўства, а ў выпадку Сэрбіі аддаць галасы супраць.

У штаб-кватэры Рады Эўропы таксама знаходзіцца дэлегацыя Асамблеі Косава, а міністр замежных спраў Косава Доніка Гервала правяла сустрэчы на розных узроўнях. Уражаньне дэлегатаў шэрагу сябраў Рады Эўропы, зь якімі гутарыла Радыё Свабода, такое, што на сэсіі ўдасца забясьпечыць станоўчыя галасы за Косава. Разам з тым журналісты заўважылі ваганьні некаторых чальцоў, чые ўрады прызнаюць Косава як дзяржаву, але яны ня ўпэўненыя ў сваёй падтрымцы прыёму Косава ў Раду Эўропы на дадзены момант.

  • Ёсьць шэраг прычынаў, па якіх зараз існуе разумны шанец уступленьня для Косава. Па-першае, Расею выключылі з Рады Эўропы неўзабаве пасьля яе паўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году. З выхадам Масквы Сэрбія страціла аднаго з найбуйнейшых саюзьнікаў у сваёй барацьбе. Акрамя таго, ёсьць той факт, што Косава пасьпяхова далучылася да некаторых органаў, зьвязаных з Радай Эўропы, такіх як Вэнэцыянская камісія, кансультатыўная рада і Банк разьвіцьця Рады Эўропы.
  • З 2011 года з рознай ступеньню дыпляматычнага ўзаемадзеяньня вядзецца дыялёг па нармалізацыі адносін паміж Бялградам і Прыштынай, якому спрыяе Эўрапейскі зьвяз. Зараз гэты дыялёг знаходзіцца на самым нізкім узроўні пасьля шэрагу леташніх здарэньняў, у тым ліку рашэньня Прыштыны прымусіць выкарыстоўваць косаўскія аўтамабільныя нумары, мясцовых выбараў без удзелу этнічных сэрбаў і зьвязанага зь Бялградам нападу на манастыр Банска, у выніку якога загінуў косаўскі паліцыянт.
  • Перад тым здавалася, што адбыўся вялікі прарыў: і Сэрбія, і Косава вусна пагадзіліся з Охрыдзкім пагадненьнем, якое накіравана на нармалізацыю дыпляматычных адносін паміж імі. Адным з ключавых пунктаў пагадненьня зьяўляецца тое, што «Сэрбія ня будзе пярэчыць сяброўству Косава ў любой міжнароднай арганізацыі». Ёсьць яшчэ два важныя палажэньні: Косава «абавязваецца забясьпечыць належны ўзровень самакіраваньня для этнічнай сэрбскай супольнасьці ў Косаве» і «забясьпечыць бясьпеку маёмасьці Сэрбскай праваслаўнай царквы ў межах яе дзейнасьці».
  • Існуюць, аднак, дзьве засьцярогі, зьвязаныя з пагадненьнем у Охрыдзе. Па-першае, ён фактычна ня быў падпісаны ніводным з бакоў, хаця прэм’ер-міністар Косава Альбін Курці выказаў жаданьне гэта зрабіць. Такім чынам, яго законнасьць у лепшым выпадку выклікае сумневы. Па-другое, што больш важна, няма ўзгодненай пасьлядоўнасьці таго, якім павінен быць першы наступны крок.
  • Па сутнасьці, першым крочыла Косава. Гэта адбылося ў сакавіку, калі мясцовы ўрад вырашыў перадаць права ўласнасьці на 24 гектары зямлі манастыру Сэрбскай праваслаўнай царкве ў Дэцані, на захадзе Косава. Канстытуцыйны суд Косава вынес рашэньне на карысьць перадачы зямлі манастыру яшчэ ў 2016 годзе, але наступныя ўрады Косава адмаўляліся прыслухацца да гэтага рашэньня. Менавіта гэты паварот падштурхнуў Бакаяніс рэкамэндаваць членства ў Радзе Эўропы.
  • Ёсьць і іншыя пытаньні, якія трэба вырашыць Косаву: стварэньне асацыяцыі муніцыпалітэтаў з сэрбскай большасьцю; пытаньне экспрапрыяцыі зямлі ў гэтых муніцыпалітэтах. Згодна са справаздачай Бакаяніс, абодва гэтыя пытаньні павінны стаць «абавязальніцтвам пасьля ўступленьня» Прыштыны.
  • У той час як галасаваньне ў ПАРЭ на наступным тыдні зьяўляецца кансультатыўным і неабавязковым, сапраўднае «палітыканства» пачнецца напярэдадні сустрэчы міністраў замежных спраў у траўні. Як і ў парлямэнцкай асамблеі, рашэньне можа быць прынята большасьцю ў дзьве траціны, але гэта было б беспрэцэдэнтным. Да гэтага часу міністры заўсёды дасягалі кансэнсусу адносна прыняцьця новых сяброў.
  • Сэрбія ўжо намякнула, што зробіць усё магчымае, каб не дапусьціць сяброўства Косава, і ўрэшце Бялград можа перамагчы. Адзін са сцэнароў можа заключацца ў тым, што канчатковае рашэньне ў траўні ня прымуць. Так званая «Квінта», якая складаецца з Францыі, Нямеччыны, Італіі, Вялікай Брытаніі і ЗША, хоча бачыць належны законапраект, прадстаўлены Косавам аб асацыяцыі муніцыпалітэтаў з сэрбскай большасьцю, перш чым краіны змогуць дамовіцца па гэтым пытаньні, вынесенага на парадак дня на сустрэчы міністраў.
  • Гэтыя пяць краін разглядаюць гэта як апошнюю магчымасьць аказаць ціск на Курці. Паколькі сяброўства ў ЭЗ па-ранейшаму застаецца нязбытнай марай, уваход у Раду Эўропы зьяўляецца апошняй «заходняй морквачкай», прапанаванай Прыштыне. Але нават сяброўства ў Радзе Эўропы можа быць занадта далёкім крокам для Косава — і ня толькі з палітычных прычын.
  • У той час як аб стварэньні асацыяцыі муніцыпалітэтаў Бялград і Прыштына дамовіліся яшчэ ў 2013 годзе, Канстытуцыйны суд Косава паставіў пад сумнеў яе законнасьць. Судовае рашэньне тычыцца паўнамоцтваў і этнічнай структуры ў арганізацыі, з указаньнем на тое, што занятасьць можа быць выключна зарэзэрваванай для этнічных сэрбаў — практыка, якую суд Косава лічыць парушэньнем канстытуцыі.
  • Такім чынам, хоць Косава можа атрымаць падтрымку ў выніку галасаваньня ў парлямэнцкай асамблеі на гэтым тыдні, канчатковае рашэньне 46 міністраў замежных спраў можа быць адкладзена як мінімум на год, калі ня больш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG