Грамадзяне часткова прызнанай Рэспублікі Косава з 1 студзеня атрымалі права бязьвізавага ўезду ў Шэнгенскую зону — яна аб’ядноўвае амаль усе краіны Эўразьвязу і яшчэ некалькі дзяржаў.
«З поўначы ўладальнікі косаўскіх пашпартоў змогуць падарожнічаць у Шэнгенскую зону бязь візаў, гэта дасягненьне пасьля многіх гадоў напружанай працы. Бязьвізавы рэжым прыносіць ключавыя перавагі грамадзянам абодвух бакоў, яшчэ больш умацоўваючы адносіны Косава з ЭЗ», — напісаў МЗС Косава.
Рада Эўразьвязу ўхваліла рашэньне аб увядзеньні бязьвізавага рэжыму з Косава ў сакавіку 2023 году. З гэтага часу ўладальнікі пашпартоў, выдадзеных Косава, могуць знаходзіцца ў Эўразьвязе 90 дзён на працягу 180-дзённага пэрыяду. Косава — апошняя з шасьці краін Заходніх Балкананаў, якая атрымала бязьвізавы рэжым з ЭЗ.
У аэрапорце Прыштыны прайшла ўрачыстая цырымонія з гэтай нагоды. Прэмʼер-міністар Косава Альбін Курці заявіў, што прыйшоў канец «вялікай несправядлівасьці».
Косава абвясьціла сваю незалежнасьць ад Сэрбіі ў аднабаковым парадку ў 2008 годзе. Рэспубліку па-ранейшаму не прызналі некалькі краінаў Эўразьвязу.