У чатырох рэгіёнах Расеі ўзровень вады ў выніку маштабнай паводкі перавысіў небясьпечны ўзровень, у чатырох абласьцях Казахстану прагназуюць другую хвалю «вялікай вады», найгорш сытуацыя — на мяжы з Расеяй.
Як паведамілі ў Гідрамэтцэнтры Расеі, 15 красавіка перавышэньне небясьпечнай адзнакі ўзроўню вады захаваецца на рацэ Талога ў Цьвярской вобласьці, на рэках Ілек і Ўрал у Арэнбурскай вобласьці, на рэках Бурла і Алей у Алтайскім краі, на рацэ Об у Томскай вобласьці.
Яшчэ ў васьмі рэгіёнах узровень вады перавысіў неспрыяльныя адзнакі: на возеры Ільмень у Ноўгарадзкай, на Дзясьне — у Бранскай, на рэках Клязьма і Серая — ва Ўладзімірскай, на Ацэ — у Разанскай, на рэках Вялікі Кінэль і Самара — у Самарскай, на Вялікім Чарамшане ва Ўльянаўскай, на рацэ Табол — у Курганскай вобласьці і на рацэ Сяленга — у Бураціі.
Жыхары пацярпелых рэгіёнаў, асабліва ў сельскай мясцовасьці, скардзяцца, што ў іх вада змывае свойскіх жывёлаў і гаспадарчы інвэнтар. Яны пераконваюць, што не атрымліваюць ніякай дапамогі ад уладаў, хоць у Міністэрстве надзвычайных сытуацыяў Расеі паведамілі, што паводкавая сытуацыя знаходзіцца пад кантролем.
У Казахстане найгоршая сытуацыя на мяжы з Расеяй
У Міністэрстве надзвычайных сытуацыяў краіны паведамілі, што з падтопленых рэгіёнаў змаглі эвакуаваць больш за 111 тысяч чалавек, у бясьпечныя месцы адвялі больш за 106 тысяч жывёлаў.
Бяз транспартных зносін застаюцца 82 населеныя пункты, вада размыла 9 мастоў і 71 дарогу.
У Гідрамэтцэнтры Казахстану паведамілі аб магчымай другой хвалі паводкі ў трох абласьцях — у Паўночна-Казахстанскай за кошт павышэньня ўзроўню вады ў рацэ Ясіль, у Заходне-Казахстанскай і Атыраўскай — за кошт прыходу вады з ракі Ўрал з тэрыторыі Расеі.
На горных рэках ва Ўсходне-Казахстанскай вобласьці паводка прыходзіць пасьля разьліву раўнінных рэк.
Ні ў Расеі, ні ў Казахстане пакуль не паведамляюць аб магчымых ахвярах маштабнай паводкі.