У Расеі ў трох абласьцях — Арэнбурскай, Курганскай і Цюменскай — празь вялікі маштаб вясновай паводкі абвясьцілі надзвычайны стан.
Як паведаміла агенцтва Associated Press, найгоршая сытуацыя склалася ў Арэнбурскай вобласьці: паводле ўладаў, агульная шкода ў рэгіёне ацэньваецца прыкладна ў 21 мільярд рублёў (227 млн даляраў у эквіваленце. — РС).
У горадзе Орск, дзе пад націскам вады прарвала дамбу, людзі выйшлі на акцыю пратэсту. Грамадзяне патрабуюць кампэнсацый за зьнішчаную маёмасьць.
«Пратэсты зьяўляюцца незвычайнай зьявай у Расеі, дзе пасьля ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ўлады пастаянна прыдушваюць любую форму нязгоды. Сотні людзей сабраліся перад адміністрацыйным будынкам у Орску», — адзначаюць журналісты Associated Press.
На відэазапісах, якія распаўсюджваюць у расейскіх сацыяльных сетках, можна пабачыць, як людзі скандуюць «Пуцін, дапамажы нам!» і «Ганьба!».
У Арэнбурскай вобласьці затапіла каля 10 000 будынкаў, у тым ліку 7000 менавіта ў Орску. Узровень вады працягвае павялічвацца.
Губэрнатар Курганскай вобласьці Вадзім Шумкоў паведаміў, што ў рэгіёне за дзьве гадзіны ўзровень вады павялічыўся адразу на 74 сантымэтры.
«Узровень адзнакі вады на пасту Ўвядзенскае за 12 кілямэтраў ад мяжы з Казахстанам ужо 10,75 мэтра. Перапад са Зьвярынагалоўскай акругай, разьмешчанай на мяжы, складае больш за 3 мэтры, сам пост затоплены. Уся вада ідзе ўверх па цячэньні. Сябры, не чакайце яшчэ папярэджаньняў, эвакуюемся тэрмінова», — напісаў Вадзім Шумкоў у сваім Telegram-канале.
У Цюменскай вобласьці пачалі загадзя рыхтавацца да эвакуацыі насельніцтва, хоць вада ўжо пачала прыбываць.
У Гідрамэтцэнтры Расеі паведамілі, што неўзабаве да небясьпечнай адзнакі ўсё яшчэ будзе падымацца ўзровень вады ў горадзе Арэнбург, на рэках Чалябінскай і Сьвярдлоўскай абласьцей.
Павелічэньне ўзроўню вады зафіксавалі на рэках Алтайскага краю, Новасібірскай, Томскай, Кемераўскай, Омскай, Цюменскай, Курскай абласьцей і месцамі на рэках Краснаярскага краю, Тывы і Хакасіі.
У Казахстане зь месцаў паводкі эвакуавалі амаль 100 тысяч грамадзян
У Казахстане паводка зачапіла нават тыя рэгіёны, дзе ніколі гістарычна не назіралі такіх зьяў. Гэта адбылося ў тым ліку і ад таго, што Расея павялічыла скід вады з Ірыклінскага вадасховішча ў бок Казахстану. Цяпер улады Арэнбурскай вобласьці пераконваюць, што зьнізілі аб’ём скіду вады да 1500 кубамэтраў у сэкунду.
У Міністэрстве надзвычайных сытуацый Казахстану паведамілі, што з пачатку паводкі эвакуавалі больш за 86 тысяч чалавек, у тым ліку 29 тысяч дзяцей. Бяз транспартных зносін застаюцца 65 населеных пунктаў краіны, ратавальнікі зафіксавалі 99 размываў аўтадарог, у тым ліку 8 мастоў.
Ні ў Расеі, ні ў Казахстане пакуль не паведамляюць колькасьці загінулых у выніку паводкі.